Дзяржаўная газета ў сметніцы



Актывісты падтрымалі Сяргея Ляпіна ў спрэчцы з «Гомельскай праўдай».

Фатаграфію з выпускам «Гомельскай праўды» над сметнікам выклаў блогер Максім Філіповіч.

Ён падпісаў здымак так: «Выкідваў смецце і знайшоў у смеццевым баку газету. Не змог застацца абыякавым і забраў яе дахаты».

Мы запыталіся блогера, ці не баіцца ён, што выданне падасць у суд і на яго. На гэта Максім адказаў: «Па-першае, я заўсёды пасля чытання газеты выкідваю альбо мангал у бацькоў растопліваю. Па-другое, я яе не выкідваў, а знайшоў і выратаваў».

На ўчынак блогера адрэагаваў праваабаронца Леанід Судаленка. Ён напісаў, што ў адрозненне ад Максіма Філіповіча, выкінуў газету.

Актывіст сказаў, што не баіцца пазвы ў суд.

Таксама фота з газетай у Facebook павесіла грамадская дзяячка Яўненія Стрыжак.

«Гэтая газета – мая ўласнасць, я аддала за яе цэлых 28 капеек, і магу рабіць што заўгодна: набіваць ёй абутак, мыць ёй вокны, высцілаць сметніцу, пакласці ў каціную прыбіральню, рэзаць на ёй рыбу – не проста на «Гомельскай праўдзе», а нават на апублікаваным там партрэце Дворніка, Якабсона ці Лукашэнкі. «Гомельская праўда», хочаце мне гэта забараніць? Паспрабуйце», – напісала яна.

Канфлікт «Гомельскай праўды» з Сяргеем Ляпіным пачаўся пасля таго, як архітэктар падаў позву на газету ў суд за абразы. Ляпін неаднаразова крытыкаваў рэканструкцыю гістарычнага цэнтра, праспекта Касманаўтаў і будаўніцтва на габрэйскіх могілках. Адзін з аўтараў газеты называў Ляпіна ў сваіх публікацыях «правакатарам» ды іншымі зняважлівымі словамі. Ляпін патрабуе выданне даць абвяржэнне непраўдзівым звесткам і папрасіць прабачэння.

Пазней «Гомельская праўда» падала ў суд на ўрбаніста за фота, на якім ён трымае газету над урнай. У заяве адзначаецца, што фота, на якім Ляпін выкідвае газету, «не адпавядае рэчаіснасці».

Працэс на позву архітэктара працягнецца 5 ліпеня.

Паведамляе „Белсат”