Лукашэнка: Ніякія санкцыі Беларусі і Расеі не перашкода
Ніякія санкцыі Беларусі і Расеі не перашкода. „Мы пераадолеем усё”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 30 чэрвеня на чацвёртым Форуме рэгіёнаў у Маскве.
„Усялякія санкцыі падштурхнулі і нас, і вас у чарговы раз да наймоцнаму руху па імпартазамяшчэнні. І мы апынуліся ў прыбытку. І ў гэтым кірунку мы павінны рухацца, ствараючы сумесныя прадпрыемствы”, — упэўнены Лукашэнка.
Ён адзначыў, што вытворчая кааперацыя і саюзныя праграмы сведчаць аб эфектыўнасці аб’яднання матэрыяльных і інтэлектуальных магчымасцяў Беларусі і Расеі. „Выгады атрымліваюць і расейская, і беларуская эканомікі”, — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, да гэтага моманту дзейнічае 70 пагадненняў на ўзроўні ўрада Беларусі і адміністрацый суб’ектаў Расеі, кожнае з якіх суправаджаецца чатырохгадовай праграмай супрацоўніцтва.
Гаворачы пра развіццё інфармацыйных тэхналогій, Лукашэнка адзначыў, што беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў гэтай сферы магло б развівацца больш дынамічна, у тым ліку на базе Парку высокіх тэхналогій. Ён падкрэсліў, што мабільнымі дадаткамі кампаній — рэзідэнтаў ПВТ сёння карыстаюцца ў 193 краінах, звыш 90% праграмнага забеспячэння, што вырабляецца ў парку, ідзе на экспарт у Расею, краіны Заходняй Еўропы і ЗША.
„Супрацоўніцтва нашых краін у галіне інфармацыйных тэхналогій становіцца адной з фундаментальных асноў стратэгічнага партнёрства, — сказаў Лукашэнка. — Мы паставілі амбітную задачу ператварыць Беларусь у IT-краіну, неўзабаве прымем прававыя дакументы для гэтага”.
Паводле яго слоў, дакументы рыхтаваліся сумесна з расіянамі. „Упэўнены, што гэта будзе наш з вамі агульны праект, — сказаў Лукашэнка. — Перакананы, што нашым краінам разам будзе прасцей зрабіць упэўнены крок у будучыню, каб годна канкураваць на сусветным рынку”.
Лукашэнка таксама заклікаў расейскія кампаніі больш актыўна прыходзіць у кітайска-беларускі індустрыяльны парк „Вялікі камень”. „Мяркую, што за год-паўтара адбудуем гэты парк. Вельмі б хацелася, каб расейскія кампаніі таксама там працавалі. А лепш нашы сумесныя прадпрыемствы, нам ёсць што там ствараць”, — упэўнены ён.
У сваю чаргу прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін адзначыў, што Беларусь і Расея з’яўляюцца „стратэгічнымі партнёрамі і саюзнікамі ў поўным сэнсе гэтага слова”, паступальна развіваюць адносіны па ўсіх напрамках.
„Сёння пераважная большасць расійскіх рэгіёнаў цесна ўзаемадзейнічаюць са сваімі сябрамі ў Беларусі, — сказаў Пуцін. — Нам разам удалося выбудаваць эфектыўную структуру кааперацыі, што стварае надзейную базу для супрацоўніцтва”.
Паводле яго слоў, у 2016 годзе аб’ём расійскіх інвестыцый у Беларусі склаў 4 млрд долараў, пры гэтым асноўная іх доля — прамыя замежныя інвестыцыі. Пуцін адзначыў, што расійскі бізнес інвесціруе ў беларускі транспарт, апрацоўчую прамысловасць. Беларускія інвестыцыі ў Расеі ў мінулым годзе склалі каля 600 млн даляраў — у сельскую гаспадарку, раздробны гандаль, фармацэўтыку.
Паводле слоў Пуціна, найбольш актыўна з Беларуссю працуюць Масква, Санкт-Пецярбург, Маскоўская, Пскоўская, Смаленская вобласці. „Набірае абароты ўзаемадзеянне Беларусі з расейскім Далёкім Усходам, — сказаў ён. — Адзін з прыкладаў — сумеснае стварэнне ў Сахалінскай вобласці сучаснага аграгарадка. Разлічваем, што колькасць такіх ўзаемавыгадных праектаў будзе толькі расці”.
Пуцін заявіў, што Расея гатовая да самага цеснага супрацоўніцтва з партнёрамі з Беларусі для забеспячэння ўстойлівага доўгатэрміновага росту эканомік дзвюх краін. „Мы гатовыя разам выбудоўваць прамысловую і тэхналагічную палітыкі, развіваць інфраструктуру”, — сказаў Пуцін.