Мінфін Беларусі разлічвае на чарговы расейскі крэдыт
Беларускія ўлады працягваюць перамовы з Расеяй пра атрыманне крэдыту і разлічваюць яго прыцягнуць у ліпені-жніўні, паведаміў першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, адказваючы на пытанні журналістаў у Менску 30 чэрвеня.
„У нас з Расеяй стандартны перамоўны працэс па гэтым пытанні. Мы чакаем атрымаць сродкі ў ліпені-жніўні. Тут рызыкаў вялікіх неатрымання гэтага крэдыту не праглядаецца”, — адзначыў Ермаловіч.
Ён пацвердзіў, што Беларусь разлічвае атрымаць ад Расеі 700 млн даляраў на рэфінансаванне запазычанасці. „Сума крэдыту не мяняецца, яна адпавядае ўзроўню нашых абавязацельстваў па гэтым годзе”, — растлумачыў першы намеснік міністра.
У 2017 годзе плацяжы Беларусі па знешнім і ўнутраным дзяржаўным доўгу складаюць прыблізна 3,5 млрд даляраў, у тым ліку на плацяжы па знешнім доўгу плануецца накіраваць 1,8 млрд даляраў, па ўнутраным — 1,7 млрд даляраў.
Самыя буйныя сумы ў кошт пагашэння знешняга дзярждоўгу, паводле інфармацыі БелаПАН, Беларусь у 2017 годзе павінна пералічыць Расеі (741,3 млн даляраў), Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця (487,9 млн) і Кітаю (381,7).
У красавіку Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся, што Расея ў 2017 годзе рэфінансуе даўгавыя абавязацельствы Беларусі і дасць рэспубліцы адпаведны крэдыт.