Знешні дзярждоўг Беларусі вырас амаль на 280 млн даляраў
Дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь на 1 чэрвеня склаў 35,3 млрд рублёў і зменшыўся ў параўнанні з пачаткам 2017 года на 1,7 млрд рублёў, або на 4,5%, сведчаць дадзеныя Міністэрства фінансаў.
Знешні дзярждоўг па стане на 1 чэрвеня склаў 13,9 млрд даляраў, павялічыўшыся з пачатку года на 277,6 млн даляраў ЗША, або на 2%.
Варта адзначыць, што гэтыя дадзеныя Мінфіна пакуль не ўлічваюць буйных знешніх запазычанняў, якія Беларусь зрабіла ў чэрвені, калі краіна атрымала чацвёрты транш крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на 300 млн даляраў і размясціла еўрабонды на 1,4 млрд даляраў.
У студзені—маі 2017 года прыцягнуты знешнія дзяржаўныя пазыкі на 595 млн даляраў ЗША: 300 млн даляраў — Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця; 202,9 млн даляраў — урада і банкаў Расейскай Федэрацыі; 53,7 млн даляраў — МБРР; 35,6 млн даляраў — банкаў КНР; 2,8 млн даляраў — ЕБРР і Паўночнага інвестыцыйнага банка.
Пагашэнне знешняга дзярждоўгу з пачатку 2017 года склала 394,7 млн даляраў: 157,1 млн долараў — урад Расейскай Федэрацыі; 117,2 млн долараў — банкі КНР; 88,3 млн даляраў — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця; 31,2 млн долараў — МБРР; 0,7 млн даляраў — ЗША; 0,2 млн даляраў — ЕБРР і ПІБ.
Паводле дадзеных Мінфіна, унутраны дзяржаўны доўг па стане на 1 чэрвеня 2017 года склаў 9,3 млрд рублёў, ён зменшыўся з пачатку года на 0,9 млрд рублёў (з улікам курсавых розніц), або на 8,7%.
За студзень—май 2017 года размешчана ўнутраных валютных дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 356,7 млн даляраў ЗША. Кампенсавана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 730,1 млн даляраў ЗША і 34,4 млн рублёў.
Варта адзначыць, што дзяржаўны доўг Беларусі (у дачыненні да ВУП) набліжаецца да парога эканамічнай бяспекі. Згодна з апублікаванымі дадзенымі, на 1 траўня 2017 года дзярждоўг складаў 35,9 млрд рублёў, або 38,6% да ВУП пры парогавым значэнні 45%.
Пастаянны рост дзяржаўнага доўгу стаў сур’ёзнай праблемай для бюджэту, заявіў намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Курлыпа, выступаючы на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў 21 чэрвеня. „Найважнейшай праблемай для бюджэту становіцца рост дзяржаўнага доўгу. За 2016 год дзярждоўг павялічыўся на 4,1 млрд рублёў і на пачатак гэтага года складаў 37 млрд рублёў, што ўдвая больш за даходы рэспубліканскага бюджэту”, — падкрэсліў ён.
Курлыпа адзначыў, што нарошчванне дзярждоўгу вядзе да павелічэння нагрузкі на рэспубліканскі бюджэт. „Выдаткі бюджэту толькі на абслугоўванне дзярждоўгу ў 2016 годзе склалі 1,7 млрд рублёў і павялічыліся ў параўнанні з пазамінулым годам на 401,3 млн рублёў, або на 30%”, — канстатаваў намеснік кіраўніка КДК.
Ён звярнуў увагу, што бюджэт на працягу шэрагу апошніх гадоў фарміруецца з прафіцытам, і гэта, „па логіцы, павінна прыводзіць да зніжэння велічыні дзярждоўгу, аднак па факце ён павялічваецца”.