“Dziecіuki” выступілі на фэсце “Rock na Bagnie”



Гарадзенскія “Dziecіuki” прадстаўлялі Беларусь на вялікім фэсце “Rock na Bagnie” ў польскім горадзе Гонёндз. Фэст быў адметны тым, што сярод трох дзясяткаў удзельнікаў разам з беларусамі выступалі такія польскія зоркі панк сцэны, як “Armia”, “Lao CHE”.

Пра фэст распавядае вакаліст гурта “Dziecіuki” Павел “Трабл”:

– Вельмі круты і вельмі файны панк-рок фестываль. Тут шмат класных гуртоў, і нам прыемна, што мы можам побач з імі зайграць. Атмасфера суперская. І гэта нягледзячы на надвор’е, якое псуецца штохвіліну – то сонейка, то дождж. Але ўсё роўна людзі падтрымліваюць, танцуюць. І даволі шмат народу.

На фэст прыехала вялікая колькасць людзей з розных частак Польшы і Беларусі, каб адмыслова паслухаць гарадзенцаў:

– Падабаюцца нам панк-гурты. Люблю стары панк, рос на гуртах з 80-90х гг. Такія мяне цікавяць. І мяне вельмі зацікавіў гурт “Dziecіuki” і іх рэпертуар.

– Прыехалі адмыслова на выступ гурта “Dziecіuki” на фэсце “Rock na Bagnie”. Усё спадабалася. Гук класны, хлопцы – проста супер.

– Гурт “Dziecіuki” ўпершыню пабачыў у Варшаве, пазнаёміўся з хлопцамі. Сам маю беларускія карані. І для мяне гэта файны гурт файных людзей.

Выступ гарадзенцаў на фэсце “Rock na Bagnie” доўжыўся амаль гадзіну, і хлопцы двойчы выходзілі на біс і выконвалі ў асноўным песні з альбома “Рэха”, а таксама ўпершыню прагучала новая песня “Чэкіст”.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя