Слухачамі Міжнароднай летняй школы беларусістыкі стануць грамадзяне 18 краін



Міжнародная летняя школа беларусістыкі пачне працу 4 ліпеня ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы (РІВШ) Белдзяржуніверсітэта, паведамляе сайт БДУ.

Слухачамі школы, прымеркаванай да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, стануць 60 прадстаўнікоў Індыі, Украіны, Японіі, Венгрыі, Чэхіі, Германіі, Кітая, Расеі, Грузіі, ЗША, Інданэзіі, Іспаніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Славакіі, Сербіі і Швецыі.

Навучанне будзе праходзіць па трох праграмах «А», «В» і «С», якія разлічаны на розную моўную падрыхтоўку і веды ўдзельнікаў. У гэтым годзе створаны дзве групы для жадаючых вывучаць беларускую мову з «нуля».

Усе праграмы ўключаюць па 40 гадзін лекцыйных і столькі ж практычных заняткаў па фанетыцы, граматыцы, развіццю вуснай і пісьмовай мовы, а таксама спецыяльныя лекцыйныя курсы па розных аспектах беларускай мовы, гісторыі і культуры. Для тых, якія навучаюцца па праграме «С», дадаткова прадугледжаны індывідуальныя заняткі па ўдасканаленні беларускай мовы.

Навучанне будзе суправаджаць насычаная культурная праграма, якая ўключае наведванне музеяў Беларусі, экскурсію ў старажытны Полацак, удзел у святкаванні Дня Незалежнасці. Сюрпрызам для слухачоў стане іх удзел у Купаллі, якое пройдзе ў ноч з 6 на 7 ліпеня ў Беларускім народным музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах.

Урачыстае закрыццё Міжнароднай летняй школы беларусістыкі адбудзецца 15 ліпеня.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі кафедра маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый РІВШ і БДУ, паведамляюць naviny.by.