У Беластоку прыгадваюць пра ксяндза Ежы Папялушку



Набліжаецца 30-ая гадавіна мучаніцкай смерці ксяндза Ежы Папялушкі. З гэтай нагоды Інстытут нацыянальнай памяці ў Беластоку зладзіў выставу здымкаў і паказ фільма, прысвечанага легендарнаму капелану “Салідарнасці”. Дакументальны фільм Паўла Валянды “Я гатовы на ўсё…” распавядае не толькі пра жыццё і лёс ураджэнца Беласточчыны  ксяндза Папялушкі, але і пра каштоўнасці, якімі ён кіраваўся ў жыцці, кажа супрацоўнік Інстытута Вальдэмар Вільчэўскі:

– Хоць гэта смутная гадавіна, але пра яе трэба нагадаць. Хочам паказаць фільм, які распавядае пра гатовасць ксяндза Ежы Папялушкі да змагання за правы чалавека, вернікаў, пра гатовасць да бескампраміснага стаўлення ў дачыненні да камуністычнага рэжыму.   

Капелан “Салідарнасці” пасля ўвядзення ваеннага становішчы ў Польшчы праславіўся літургіямі за Айчыну. З гэтай прычыны ксёндз Ежы Папялушка быў забіты 19 кастрычніка 1984 года супрацоўнікамі Службы бяспекі камуністычнай Польшчы.  6 чэрвеня 2010 года яго ўвялі ў лік блаславёных Каталіцкага касцёла.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота duszpasterstwotalent.pl