12 найбольш эфектных тэнісістак Уімблдону (рэйтынг і фота)



У цэнтры ўвагі заўзятараў спорту зараз тэнісны Уімблдонскі турнір. Беларускае Радыё Рацыя прадстаўляе топ-12 найбольш эфектных тэнісістак, якія бяруць удзел у адзіночным разрадзе прэстыжнага спабору. Зважаючы на суб’ектыўнасць і ўмоўнасць такога выбару, змяшчаем нашых намінантак у парадку ўзрастання іх афіцыйнага рэйтынгу. Адначасна прапануюцца кароткія характарыстыкі і перспектывы.

Лора Робсан (Вялікабрытанія), 23 гады, 189-я ракетка свету. Старт прафесійнай кар’еры быў яркім. Але выданыя раней шчодрыя авансы брытанка перастала апраўдваць і рызыкуе надоўга пакінуць элітарную сотку. Робсан ужо вылецела з уімблдонскага розыгрышу, прайграўшы на старце малаведамай бразільянцы Беатрыс Хадад Мая.

Цветана Піронкава (Балгарыя), 29 гадоў, 131-я ракетка свету. У юнацтве падавала вялікія надзеі, пасля ў кар’еры наступіў зацяжны спад. Пасля таго як выйшла замуж за балгарскага футбаліста дадала ў сваёй гульні і апошнім часам выступае больш ўпэўнена. Перспектывы прасоўвання па турнірнай сетцы цмяныя.

Каміла Джорджы (Італія), 25 гадоў, 86-я ракетка свету. Кар’ера італійкі аргенцінскага паходжання развіваецца няроўна. Найвышэй у класіфікацыі WTA стаяла ў 2014-15 гадах. Потым пайшоў адкат, але апошнім часам гуляе на ўздыме. Упэўнена прайшла першы круг, перамогшы намнога больш рэйтынгавую францужанку Алізэ Карнэ.

Мэндзі Мінэлла (Люксембург), 31 год, 82-я ракетка свету. Адзіная прадстаўніца карлікавай дзяржавы ў элітным пуле. Апошнія гады на кортах для яе паспяховыя. Але зараз у першым крузе Ўімблдону з трэскам саступіла дасведчанай прадстаўніцы Італіі Франчэсцы Ск’явоне.

Сорана Кырсця (Румынія), 27 гадоў, 63-я ракетка свету. Быў перыяд, калі ўваходзіла ў трыццатку лепшых тэнісістак. Пасля 2013 года пайшоў рэзкі спад у кар’еры, але зараз гульня румынкі, здаецца, спакваля стабілізуецца.

Эжэні Бушар (Канада), 23 гады, 61-я ракетка свету. Яшчэ зусім нядаўна лічылася прэтэндэнткай на месца мацнейшай ў свеце, але апошнім часам больш з’яўляецца на мадэльных подыумах. Як следства – вылецела з дзясяткі і скацілася ў агульнай класіфікацыі.

Донна Векіч (Харватыя), 21 год, 58-я ракетка свету. Гераіня свецкай, часам скандальнай хронікі. Хоць стабільна ўздымаецца ў агульным рэйтынгу і ўжо двойчы перамагала на турнірах WTA, прагназаваць развіццё яе кар’еры цяжка.

Кэтрын Бэліс (ЗША), 18 гадоў, 40-я ракетка свету. Узыходная зорка жаночага тэніса, стала прагрэсуе і хутка падымаецца ў рэйтынгу.

Гарбінье Мугуруса (Іспанія), 23 гады, 15-я ракетка свету. У 2015-ым годзе, які быў для яе найбольш удалым у кар’еры, была фіналісткай адзіночнага разраду Ўімблдона. Апошнім часам крыху на спадзе, аднак лічыцца сярод фаварытак “другога шэрагу”.

Караліна Вазняцкі (Данія), 26 гадоў, 6-я ракетка свету. Адна з сама ведамых тэнісістак WTA, была нават два гады першым нумарам рэйтынгу, хоць ніколі не перамагала на турнірах Grand Slem. Даўно не дамагалася сур’ёзных перамог, аднак зараз стабільна трымаецца ў дзясятцы мацнейшых.

Эліна Світоліна (Україна), 22 гады, 5-я ракетка свету. Несумненная прэтэндэнтка на дамінаванне ў сусветным тэнісе. Аднак, першы раўнд Уімблдона прайшла з цяжкасцю, сустрэўшыся з зацятым супрацівам аўстралійкі Эшлі Барці.

Сімона Халеп (Румынія), 25 гадоў, 2-я ракетка свету. Адна з прэтэндэнтак на тытул пераможцы. Без праблем разабралася з сваёй суперніцай – навазеляндкай Марынай Эракавіч у 1/64-й фіналу.

Беларускае Радыё Рацыя, фота з вольнага сеціва