У Расеі чытанне Бібліі ў кавярні трэба ўзгадняць з уладамі
У Расеі чытанне Бібліі ў кавярні расцэньваецца як мітынг і павінна быць узгоднена з мясцовымі ўладамі. Гэта вынікае з адказу ўпаўнаважанага пры Еўрапейскім судзе па правах чалавека, намесніка міністра юстыцыі Міхаіла Гальперына на скаргу лідара групы евангельскіх хрысціян Аляксея Каляснікава.
На думку Гальперына, узгадненне калектыўнага чытання Бібліі патрэбнае для забеспячэння бяспекі як удзельнікаў чытання, так і іншых наведнікаў кавярні. Так Расея афіцыйна адказала на запыт ЕСПЧ па справе Каляснікава, якога ў 2014 годзе аштрафавалі ў Сочы за правядзенне „публічнага мерапрыемства” без узгаднення, паведамляе Медуза.
У адказе Расеі таксама ўказана, што на чытаннях выкарыстоўвалі гукаўзмацняльную апаратуру, што характарызуе гэта як публічнае мерапрыемства. Пры гэтым пра правядзенне чытання Бібліі ў кавярні ўлады Сочы даведаліся з рэгіянальнага ўпраўлення ФСБ.
Як адзначыў у каментары дырэктар правабарончага цэнтру „Сава” Аляксандр Вярхоўскі, калі крытэрам публічнага мерапрыемства ёсць выкарыстанне гукавай апаратуры, то пад яго падпадаюць і вяселлі, якія праводзяцца ў кафэ. А адвакат Аляксандр Папкоў дадаў, што чытанне Бібліі было ўзгоднена з аховай кавярні.
Беларускае Радыё Рацыя