У Менску прайшоў Паралельны форум грамадзянскай супольнасці



Паралельны форум грамадзянскай супольнасці „Шэсць гадоў пасля дакладу ў рамках Маскоўскага механізму АБСЕ аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі: што змянілася?” прайшоў 4 ліпеня, напярэдадні 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ.

Мэта арганізатараў — давесці ўдзельнікам сесіі ПА АБСЭ альтэрнатыўную інфармацыю пра становішча з грамадска-палітычнымі правамі ў Беларусі, — сказаў выступаючы на форуме старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі:

Рэспубліка Беларусь не прыклала намаганняў накіраваных на выкананне мераў першачарговага аднаўленчага характару, да якіх неаднаразова заклікала беларуская праваабарончая супольнасць. Таму, наш форму з’яўляецца фактычна заклікам , у першую чаргу да ўладаў Беларусі, выконваць міжнародныя абавязкі ў галіне правоў чалавека. Мы звяртаемся таксама да міжнароднай супольнасці. Карыстаючыся тым, што заўтра тут будзе вельмі высокае прадстаўніцтва нацыянальных парламентаў, у першую чаргу Еўропы і ЗША, з тым, каб яны не змяншалі ўвагі да праблем з правамі чалавека ў Беларусі.

На Форуме асаблівая ўвага нададзена эфектыўнасці міжнародных механізмаў у галіне правоў чалавека ў постсавецкіх краінах рэгіёну АБСЕ і, у прыватнасці, ацэнцы змяненняў сітуацыі ў галіне правоў чалавека і праблем грамадзянскай супольнасці ў Беларусі пасля апублікавання Дакладу па Беларусі ў рамках Маскоўскага механізму АБСЕ.

У форуме ўзялі ўдзел прадстаўнікі 60 беларускіх ды 25 замежных недзяржаўных арганізацый. А таксама госці з Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, еўрапейскіх амбасад у Менску, шматлікія прадстаўнікі медыя.

У выніковай рэзалюцыі форума ўсім інстытутам АБСЕ прапануецца сістэматычна высоўваць патрабаванні аб верхавенстве закона і правоў чалавека ў Беларусі, рэгулярна праводзіць іх маніторынг ды ацэнку. Ад гэтага наўпрост мусяць залежыць любыя праграмы міжнароднага супрацоўніцтва і эканамічнай дапамогі нашай краіне. А таксама патрабуецца тэрмінова вызваліць з-за кратаў Міхаіла Жамчужнага і Дзмітрыя Паўліенку, рэабілітаваць у правах усіх былых палітычных вязняў.

Глядзець прамую трансляцыю з Паралельнага форуму грамадзянскай супольнасці.

 

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Павел Генадзіч