Эксперты прагназуюць невысокія тэмпы эканамічнага росту



Тэмпы росту эканомікі ў Беларусі ў найбліжэйшыя гады будуць заставацца нізкімі. Такое меркаванне выказалі эксперты, каментуючы апошнія макраэканамічныя паказчыкі і перспектывы развіцця беларускай эканомікі.

Як паведамлялася, у студзені—маі рост ВУП у Беларусі склаў 0,9%. Афіцыйны прагноз прадугледжвае, што за 2017 год эканоміка вырасце на 1,7%.

„Многія міжнародныя арганізацыі прагназуюць, што ў Расіі тэмпы эканамічнага росту да 2020 года будуць складаць каля 1,5%. Калі ніякіх зменаў у структуры беларускай эканомікі адбывацца не будзе, стагнацыя, то бок нізкія тэмпы эканамічнага росту, будзе захоўвацца і ў нас”, — адзначыў дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Эканамісты міжнародных фінансавых арганізацый таксама прытрымліваюцца думкі, што ў найбліжэйшыя гады ў Беларусі захаваюцца невысокія тэмпы эканамічнага росту.

„Працэс аднаўлення дзелавой актыўнасці няхуткі, эканоміка не можа расці такімі ж тэмпамі, як у 2000-я з прычыны таго, што сітуацыя з тых часоў істотна змянілася. Структурныя праблемы, якія назапашваліся апошняе дзесяцігоддзе, хутка вырашыць складана”, — заявіў краінавы эканаміст Сусветнага банка Кірыл Гайдук, выступаючы ў мінулую пятніцу на семінары ў Мінску.

Эксперт удакладніў, што структурныя праблемы ў прыватнасці звязаны з недастаткова эфектыўным выкарыстаннем капіталу.

„Ільготныя фінансавыя рэсурсы, якія дзяржава накіроўвала ў эканоміку апошняе дзесяцігоддзе, не прынеслі жаданай аддачы. Цяпер неабходна павышаць эфектыўнасць працы прадпрыемстваў, каб яны змаглі эфектыўна працаваць у рыначных умовах, але працэс гэты няхуткі”, — адзначыў Гайдук.

Таму, мяркуе эканаміст, на працягу года-двух тэмпы росту беларускай эканомікі будуць заставацца нізкімі. „Што тычыцца больш працяглай перспектывы, то развіццё беларускай эканомікі ў сярэднетэрміновай перспектыве залежыць ад таго, як будуць праводзіцца структурныя рэформы”, — падкрэсліў Кірыл Гайдук.

Для беларускай эканомікі, якую адносяць да ліку тых, што развіваюцца, тэмпы эканамічнага росту ў раёне 1—3% з’яўляюцца недастатковымі, мяркуюць эксперты.

„Гэта сітуацыя багатая трапляннем эканомікі ў пастку нізкіх тэмпаў росту, якая выяўляецца ў тым, што краіна не зарабляе дастаткова сродкаў на інавацыі і становіцца неканкурэнтаздольнай у сучасным свеце”, — мяркуе навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

belapan.com