Міжнародная школа беларусістыкі распачала новы навучальны сезон



Новы навучальны сезон урачыста распачала 3-я Міжнародная летняя школа беларусістыкі. Цягам двух тыдняў слухачы з амаль 20 краін свету будуць вывучаць беларускую мову і культуру. Акрамя таго, штодня іх чакае шырокая экскурсійная праграма па музеях беларускай сталіцы.

Сёлета на ўдзел у Міжнароднай летняй школе беларусістыкі было пададзена больш за сто заявак з розных краінаў свету, што прымусіла арганізатараў зрабіць папярэдні адбор сярод заяўнікаў, кажа дырэктарка летняй школы Лідзія Сямешка:

– У гэтым годзе на конкурснай аснове адбіралі навучэнцаў з розных краін. Шкада, бо вельмі хацелася прыняць усіх. Розныя задачы, розныя мэты, але вынікі адны – як мага глыбей спазнаць нашу беларускую мову, беларускую культуру, наш беларускі менталітэт, характар. Менавіта культуру Беларусі мы разглядаем як частку культурнай спадчыны Свету.

Са словаў Лідзіі Сямешкі, для слухачоў распрацаваная адмысловая праграма па выкладанні беларускай мовы як замежнай. Усе слухачы падзеленыя на 5 груп у залежнасці ад ступені валодання беларускай мовай, ад нулявога ўзроўню да выкладчыкаў-беларусістаў. Сёлета сярод слухачоў летняй школы ёсць асобы, якія ўжо не першы год прыязджаюць у школу, а таксама ёсць і тыя, што наведваюць Беларусь упершыню.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара