Віталь Рымашэўскі: Сустракаліся з прадстаўнікамі Паўночнай Рады
Беларускія апазіцыйныя палітыкі сустрэліся ў Вільні з прадстаўнікамі Паўночнай Рады. У час дыскусіі з удзелам дэпутатаў з краін паўночнай Еўропы, дыпламатаў і дарадцаў прэзідэнта Літвы, абмяркоўвалася галоўным чынам сітуацыя ў Беларусі і магчымыя формы супрацы з ёй.
Такія сустрэчы адбываюцца раз на паўгода, – адзначае сустаршыня Партыі БХД Віталь Рымашэўскі, які прымаў удзел у віленскай дыскусіі. Аднак гэтым разам прадстаўніцтва дэпутатаў паўночна-еўрапейскіх краінаў было нашмат большым:
– Больш зацікаўленасці. Відавочна, што цікавасць менавіта ў гэтых краін да Беларусі расце. Чуліся такія моцныя галасы за аднаўленне кантактаў з беларускімі ўладамі. Але я хачу нагадаць, што раней на такія фарматы сустрэч запрашаліся прадстаўнікі беларускіх уладаў, апошнім часам яны адмаўляюцца прымаць удзел у тым выпадку, калі ўдзел у іх будуць браць прадстаўнікі грамадскага трэцяга сектару ў Беларусі і дэмакратычнай апазіцыі.
Паўночная Рада – гэта арганізацыя парламенцкага супрацоўніцтва краін Паўночнай Еўропы – Даніі, Ісландыі, Нарвегіі, Фінляндыі ды Швецыі. Сярод удзельнікаў сустрэчы з беларускага боку былі таксама старшыні АГП – Анатоль Лябедзька, і Партыі БНФ – Аляксей Янукевіч.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя