У Беларусь можна ўвозіць да 5 кг гародніны-садавіны



Забарона на ўвоз у Беларусь болей за 5 кг прадуктаў адаб’ецца на жыхарах прыпамежных гарадоў. Такое меркаванне выказаў эксперт установы “Стратэгічная думка” Аляксей Харкевіч. Эксперт нагадвае, што Беларусь у асноўным мяжуе з краінамі, якія не ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз.

Ужо цяпер адчуем праблемы з тым, каб прывезці той жа кавун з Украіны, які важыць больш за 5 кг, альбо мы будзем глядзець кветкі. Цяпер ўсё гэта трапіць пад абмежаванні. Іх адчуюць грамадзяне, якія жывуць у прыпамежных зонах.

Жыхары прыпамежнага з Украінай Гомеля па-рознаму паставіліся да інфармацыі пра ўвядзенне абмежаванняў на ўвоз прадуктаў з-за мяжы Еўразійскага эканамічнага саюзу.

Пра што можна гаварыць, калі пра людзей не клапоцяцца ўвогуле!? Як гэта можна да 5 кг? Я б увогуле адкрыла межы – няхай бы людзі везлі сабе, было б танней, хай бы дзеці елі.

– Калі для сябе, то 5 кг хопіць, напэўна.

– Няхай даражэе. Нам не прывыкаць.

– Нам туды не ездзіць. Канешне, супраць такога абмежавання.

Паводле новых нормаў, у краіны Еўразійскага эканамічнага саюзу дазваляецца ўвозіць да 5 кг прадуктаў. Сярод іх – фрукты, гародніна, ягады, грыбы, бабовыя. А таксама кветкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель