Архітэктура, ікона, спеў – навуковая канферэнцыя ў Супраслі



Архітэктура, ікона, спеў, як гэтыя тры элементы спалучаюцца ў праваслаўнай царкве? На гэтае пытанне паспрабуюць адказаць удзельнікі міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіць у Супрасльскім манастыры. Галоўная мэта сустрэчы – паказаць залежнасць розных элементаў літургіі ды іх адлюстраванне ў архітэктуры, іконе і царкоўным спеве.

Навукоўцы  пакажуць спробы спалучэння гэтых элементаў у розных краінах свету, а таксама як гэта выглядае ў Супрасльскім манастыры, кажа прафесар гісторыі Беластоцкага ўніверсітэта Антон Мірановіч:

– Гісторыя Супрасля дае магчымасць размаўляць на розныя тэмы, у тым ліку пра архітэктуру, бо архітэктура тут проста цудоўная. Гэта ўзор царквы абарончага тыпу, якая мае толькі некалькі першаўзораў у Беларусі, як у Сынковічах, Маламажэйкаве, а таксама ў некаторых каталіцкіх касцёлах.

У пятніцу ўдзельнікі будуць размаўляць пра ролю іконы ў царкве, а ў суботу аб праваслаўным спеве. У межах канферэнцыі адбудзецца таксама вернісаж выставы архітэктурных праектаў цэркваў прафесара Ежы Усціновіча – гэта вядомы архітэктар і выкладчык Беластоцкага палітэхнічнага інстытута. Цэрквы пабудаваныя па яго праекту пабудаваныя ў Беластоку і Бельску Падляшскім.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя