Вадзім Саранчукоў супраць гарадзенскага тэлебачання



Суд за абарону гонару і годнасьці Вадзіма Саранчукова ў Гародні пройдзе 14-га ліпеня, а 10-40. Пасьля працяглага папярэдняга паседжання суддзя Ленінскага раённага суда Ксенія Стасюкевіч удакладніла патрабаванні  грамадскага актывіста, які мяркуе, што фільм, які быў паказаны „Тэлерадыёкампаніяй Гродна” пад назвай „Марш у нікуды” зневажае яго і падрывае дзелавую рэпутацыю яго, як рамесьніка. Да суда быў дапушчаны Юры Чавусаў у якасьці грамадскага прадстаўніка:

– Важна, што яны прызнаюць тое, што статус рамесніка ў Саранчукова ўсё ж такі ёсць. Гэта паперамі пацверджана і не з’яўляецца прадметам спрэчкі. Пабачым, якім будзе працэс 14 ліпеня. Я думаю, што ён будзе цікавы. Я задаволены тым, што мяне, як прадстаўніка грамадскасці, дапусцілі. Гэта значыць будзе магчымасць удзельнічаць у даследаванні доказаў, заяўляць хадайніцтвы і ў рэшце рэшт, выступаць у спрэчках. Хоць пазіцыя заяўніка на дадзены момант выглядае больш абгрунтаванай.

Вадзім Саранчукоў спрабуе абвергнуць не ацэначныя сцвярджэнні, а факты, якія дагары нагамі перавярнулі прадстаўнікі “Тэлерадыёкампаніі Гродна”. Кажа Вадзім Саранчукоў:

– У фільме пададзена неадпавядаючая рэчаіснасці інфармацыя. Першае, што я апошнія гады нідзе не працую, гэта не так. Па-другое, спасылка на тое, што ў мяне мусіць быць майстэрня. Мая майстэрня займае 20 квадратных сантыметраў, я магу працаваць у любым месцы. І тое, што ніхто не бачыць маіх вырабаў, таксама не адпавядае рэчаіснаці, таму што ёсць дамовы з крамамі, дзе яны стаяць на рэалізацыі. Я патрабую прызнання гэтых фактаў. Усё проста і зразумела.

Адказчык ад тэлерадыёкампаніі паспрабаваў выступіць экспертам у галіне траўленьня шкла, чым займаецца рамесьнік Вадзім Саранчукоў, а таксама назваў фільм аўтарства кампаніі – творчай крытыкай СМІ. Падтрымаць Вадзіма Саранчукова прыйшлі клегі, сябры, журналісты.

* * * 

У Гародні праходзіць папярэдняе судовае паседжанне па грамадзянскай справе па абароне гонару і годнасці, а таксама дзелавой рэпутацыі Вадзіма Саранчукова.

17-га красавіка „Тэлерадыёкампанія Гродна” паказала фільм „Марш у нікуды” , у якім дала непраўдзівую інфармацыю, якая паказала гарадзенскага актывіста ў негатыўным святле. Суд вядзе суддзя Ленінскага раёна Гародні Ксенія Стасюкевіч. Суд ідзе пабеларуску. Падтрымаць Вадзіма Саранчукова прыйшлі праваабаронцы ды іншыя грамадскія актывісты Гародні, сярод іх Сяргей Верамеенка.

– Я таксама фігурую ў тым паклёпніцкім сюжэце, які зняла гарадзенскае тэлебачанне. Таму я, па-першае, прыйшоў падтрымаць Вадзіма, а па-другое, набрацца досведу, бо праз некаторы час я таксама буду падаваць позву ў суд на гарадзенскае тэлебачанне. Гэта будзе мая першая позва. Думаю, скарыстацца такім досведам мне будзе карысна.

Хадайніцтвам Вадзіма Саранчукова суддзя дапусціў у судовы працэс прадстаўніка грамадскасці Юрыя Чавусава. Паводле пісьмовых хадайніцтваў задаволены былі толькі з боку адказчыка: паказаць частку фільма „Марш у нікуды„, выявіць праз падатковую інспекцыю і фонд сацыяльнай абароны факт рамесніцкай дзейнасці Вадзіма Саранчукова. У судзе Вадзім Саранчукоў дамагаецца выявіць аўтараў фільма і за хлусню прыцягнуць іх да адказнасці.

[Not a valid template]

Працяг суда адбудзецца ў 14:40 беларускага часу.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара