Фэст нямога кіно ў Гародні
Увечары 7-га ліпеня ў падворку гарадзенскага Музея рэлігіі распачнецца ўжо традыцыйны фэст нямога кіно і сучаснай музыкі „Кінемо”. Фэст будзе цягнуцца тры дні, і гледачы змогуць пабачыць класіку нямога кіно.
Пра фэст распавядае яго арганізатарка ў Гародні Марына Буткевіч:
– У гэтым годзе ў нас будуць не тры стужкі, а пяць, нягледзячы на тое, што вечароў прагляду ўсяго тры. Бо ў апошні вечар можна будзе паглядзець тры кароткаметражкі. Будзе шмат смешных стужак. Самы цікавы – другі вечар, будуць госці з Польшчы і Вялікабрытаніі. Па-ранейшаму, фэст пачынаецца а 10-й гадзіне вечара.
Тапёрамі, музыкамі, якія дапасоўваюць музыку да фільмаў, штогод выступаюць сучасныя музыкі. З гарадзенскіх музыкаў неаднаразова выступала “Раса Летуценнікаў”, а гэтым разам музыку да фільмаў будуць выконваць беларускія, польскія і брытанскія музыкі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня