Затрыманыя кантрабандысты-мотадэльтапланерысты
На беларуска-латвійскай мяжы затрыманыя кантрабандысты-мотадэльтапланерысты.
Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі падпалкоўнік Антон Бычкоўскі, у ноч з 5 на 6 ліпеня на стыку межаў Мёрскага і Верхнядзвінскага раёнаў Віцебскай вобласці, ля населенага пункта Дзісна, супрацоўнікі аператыўнага падраздзялення пагранслужбы сарвалі спробу перакідання буйной партыі цыгарэт на тэрыторыю Латвіі пры дапамозе звышлёгкай авіяцыі.
Скрынкі з тытунёвымі вырабамі зламыснікі мацавалі да фюзеляжа паветранага судна. Затым пры дапамозе двух малапамерных лятальных апаратаў яны планавалі дастаўку кантрабанднай партыі на сумежную тэрыторыю. У навігацыйным абсталяванні быў запраграмаваны маршрут палёту цераз дзяржаўную мяжу. Канчатковым пунктам незаконнай дастаўкі павінен быў стаць населены пункт Рабежніекі ў Краслаўскім краі Латвіі.
„У выпадку поспеху паветранай аперацыі яны разлічвалі наладзіць сваю незаконную дзейнасць на сістэматычнай аснове. На месцы былой узлётна-пасадачнай паласы сельскагаспадарчага прызначэння ўдзельнікамі злачыннай групы было арганізаванае месца часовага размяшчэння, абсталяванае пры дапамозе прычэпа-кемпінга”, — сказаў прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта.
Падчас спецыяльнай аперацыі на месцы злачынства затрыманыя трое непрацоўных грамадзян Беларусі 1969 і 1971 гадоў нараджэння — жыхары Смалявіч, Оршы і Полацка. Затрыманыя два мотадэльтапланы тыпу „Фрэгат”, два мікрааўтобусы, легкавы аўтамабіль, прычэп-кемпінг, тры партатыўныя радыёстанцыі, рыштунак і спецыяльная лётная экіпіроўка, 160 тысяч цыгарэт „Прэм’ер”.
Для давання прававой ацэнкі і прыцягнення да ўстаноўленай законам адказнасці праводзяцца далейшыя аператыўна-вышуковыя і дадатковыя следчыя працэсуальныя мерапрыемствы з мэтай устанаўлення ўсіх удзельнікаў групы і фактаў іх супрацьпраўнай дзейнасці.