Як мы ўплываем на клімат?
Вядучыя эксперты ў галіне клімату і энергетыкі сабраліся на адкрытай лекцыі-дыскусіі ў Менску, каб абмеркаваць, як змяняецца клімат і якую ролю ў гэтым працэсе адыгрывае дзейнасць чалавека.
Пасол Францыі ў Беларусі Дзідзье Канес
6 ліпеня ў менскай прасторы „Event space” прайшла публічная лекцыя-дыскусія „Клімат змяняецца. Ці змяняемся мы?”. Спікерамі на сустрэчы выступілі геафізік і кіраўнік праекта “Клімат ды энергетыка” WWF Расеі Аляксей Какорын ды старшыня Працоўнай групы па пытаннях зменаў клімату Расейскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Міхаіл Юлкін.
Аляксей Какорын назваў тры асноўныя напрамкі ўплыву чалавека на клімат:
– Уплыў чалавека на клімат пачаўся каля 100–120 гадоў таму. Найбольш моцны ён апошнія 40 гадоў. І тут у нас ёсць тры эфекты нябачная няўзброеным вокам. Гэта вельмі важна, што няўзброеным вокам мы наогул не заўважаем гэтых акалічнасцяў. Па-першае, гэта рост канцэнтрацыі СО2 (вуглякіслага газу) літаральна за апошнія 50 гадоў, максімум 100. Чаму гэты рост з-за чалавека? З-за спальвання вуглю, нафты і газу. Па-другое, награваецца верхні пласт акіяна. А калі павялічваецца тэмпература акіяна – у нас адназначна глабальнае пацяпленне. Трэці эфект, якога таксама не бачна, – стратасфера астуджаецца, плёнка становіцца таўсцейшай. Гэта так званы „парніковы эфект”.
У сваю чаргу выступаючы з лекцыяй Міхаіл Юлкін прывёў прыклады таго, як бізнес можа змяняць свае стратэгіі і выкарыстоўваць аднаўляльныя крыніцы энергіі, якія становяцца трэндам па ўсім свеце. Ён таксама падкрэсліў адмоўны ўплыў на развіццё зялёнай энергетыкі ЗША рашэння Дональда Трампа выйсці з Парыжскага пагаднення аб клімаце. Супраць гэтага кроку выказаліся міжнародныя экалагічныя арганізацыі, а таксама і бізнес-супольнасць.
Кіраўнік Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў адзначае, што зменшыць шкодны ўплыў на наваколле можа кожны, калі асэнсавана зменіць свае штодзённыя звычкі:
– Просты спосаб зразумець свой уплыў на клімат – гэта зазірнуць у сметніцу. Колькасць адходаў, якая ў вашай сям’і з’яўляецца штодня, і тое, што вы з імі робіце, і ёсць паказчыкам вашага ўплыву на клімат і наваколле. Калі сярэднестатыстычны чалавек паглядзіць у сваю сметніцу цягам тыдня, то ён заўважыць, што большая частка смецця – гэта пластык. А другая вялікая частка – гэта побытавыя арганічныя адходы: рэшткі садавіны, гародніны, недаедзеныя прадукты харчавання. Усё гэта пасля трапляе на вялікія сметнікі і правакуе выкіды парніковых газаў. Калі пры гэтым мы не сартыруем смецце, то мы ўсё наўпрост адпраўляем на звалку. Калі ж мы займаемся раздзельным зборам смецця, прынамсі частку гэтых рэсурсаў і энергіі мы вяртаем у прыродны цыкл.
Вугляродны падатак, росквіт узнаўляльнай энергетыкі і „нейтральныя” гарады – такія змены распачаліся і мусяць у хуткім часе адбыцца ў многіх краінах, якія ратыфікавалі Парыжскае пагадненне аб клімаце. Беларусь – адна з краін, якая таксама падпісала гэты дакумент. Не гледзячы на гэты пазітыўны крок, застаецца шмат нявырашаных экалагічных праблем, якія будуць мець і кліматычныя наступствы. У тым ліку вялікую занепакоенасць эколагаў выклікае будаўніцтва Астравецкай АЭС.
Арганізатарамі дыскусіі аб клімаце ў Менску выступілі таварыства „Зялёная сетка”, Лятучы універсітэт, Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь і праект „Навука не ў сабе”.
Падрабязней пра мерапрыемства ў далучаным файле:
Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтаркі