Золатавалютныя рэзервы Беларусі перавысілі 6,5 мільярдаў даляраў



 Міжнародныя рэзервовыя актывы Рэспублікі Беларусь у вызначэнні стандарту МВФ на 1 ліпеня 2017 года, паводле папярэдніх дадзеных, склалі 6 млрд 561 млн даляраў ЗША (у эквіваленце).

За чэрвень 2017 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 1,322 млрд даляраў ЗША (на 25,2%) пасля росту ў траўні 2017 года на 0,13 млрд даляраў ЗША (на 2,5%). Па выніках першага паўгоддзя 2017 года прырост рэзерваў склаў 1,634 млрд даляраў ЗША (33,1%).

Як адзначае Нацыянальны банк, асноўным фактарам значнага росту ўзроўню ЗВР за мінулы месяц стала паступленне сродкаў ад продажу Міністэрствам фінансаў еўрааблігацый на суму каля 1,4 млрд даляраў ЗША, а таксама атрыманне Беларуссю чацвёртага траншу фінансавага крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця ў аб’ёме 300 млн даляраў ЗША.

У той жа час урадам і Нацбанкам у чэрвені 2017 года выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 343 млн даляраў ЗША. Стрымліваючы ўплыў на дынаміку золатавалютных рэзерваў таксама аказала зніжэнне цаны золата на міжнародным рынку каштоўных металаў.

У 2016 годзе золатавалютныя рэзервы Беларусі ў вызначэнні стандарту МВФ павялічыліся на 751 млн даляраў ЗША (на 18%), да 4 млрд 927 млн даляраў ЗША (у эквіваленце) на 1 студзеня 2017 года. Асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год прадугледжаны рост золатавалютных рэзерваў у вызначэнні стандарту МВФ не меншы чым на 500 млн даляраў ЗША.

Як раней адзначаў старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур, Беларусі неабходны аб’ём золатавалютных рэзерваў у 10 млрд даляраў ЗША. „З’явілася новая метадалогія МВФ, якая не проста ўлічвае ўзровень ЗВР у месяцах імпарту і рэкамендуе давесці іх памер да трох месяцаў імпарту (нашы ЗВР адпавядаюць цяпер паўтара месяцам імпарту), але і ўлічвае кароткатэрміновы доўг”, — сказаў Калаур журналістам на прэс-канферэнцыі ў траўні 2016 года.

Ён адзначыў, што новая метадалогія МВФ „дастаткова прасунутая і на яе можна арыентавацца”. „Мінімальны ўзровень рэзерваў, на які Беларусь, паводле нашых ацэнак, магла б арыентавацца, гэта 10 млрд даляраў”, — заявіў кіраўнік Нацбанка. Такі ўзровень рэзерваў, падкрэсліў ён, задавальняў бы міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы, крэдытораў „і дазваляў бы краіне пазычаць на знешніх рынках па меншых стаўках, чым гэта ёсць сёння”.

Аднак гэта не значыць, лічыць Калаур, што Беларусь „не можа нармальна жыць пры меншым аб’ёме рэзерваў”. „Дзесяць мільярдаў даляраў рэзерваў неабходныя для таго, каб краіну знешнія крэдыторы ўспрымалі як дзяржаву з меншымі рызыкамі і каб рэспубліка магла прыцягваць рэсурсы па меншым кошце”, — заявіў ён.

belapan.com