Андрэй Палуда: Кропля камень точыць



«Спадзяемся, што візіт у Менск еўрапейскіх гасцей дасць новы штуршок у вырашэнні пытання адмены смяротнага пакарання», кажа каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда.

18 тысяч подпісаў за ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі перадалі 6 ліпеня праваабаронцы ў Адміністрацыю прэзідэнта. Подпісы былі сабраныя ў межах глабальнай кампаніі Amnesty International.

Андрэй Палуда: Тое, што мы аднеслі ў Адміністрацыю подпісы, гэта толькі адзін з крокаў, якія робім пастаянна цягам апошніх гадоў. Таму зараз была чарговая кропля, якая, як мы верым, усё-такі точыць камень уладаў і падштурхоўвае іх да станоўчага для нас вырашэння пытання. Але мы бачым, што падчас выступу перад дэлегатамі ПА АБСЕ Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў тэму смяротнага пакарання, хаця нічога новага ў яго прамове і не было. Як звычайна, гучалі словы, што пытанне ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, магчыма, і вырашыцца, але на гэта патрэбны час. Маўляў, не трэба нас падштурхоўваць. Але ў любым выпадку падчас візіту ў Менск еўрапейскіх гасцей тэма смяротнага пакарання гучала, і гэта паказчык таго, што пытанне стаіць на павестцы дня, як у еўрапейцаў, так і ў беларускіх уладаў. А наша дзейнасць накіравана на тое, каб гэтую тэму ціха не адклалі ў бок.

РР: Што кажуць самі еўрачыноўнікі з гэта нагоды?

Андрэй Палуда: Пазіцыя еўрапейцаў дастаткова адназначная. Уладам пастаянна нагадваюць, што Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, дзе прымяняецца вышэйшая мера пакарання. Спецдакладчык ААН Міклаш Харасці, якія прыехаў у Менск, таксама ўздымаў гэтую праблему. Адным словам, мы спадзяемся, што сесія АБСЕ ў беларускай сталіцы дасць новы штуршок у вырашэнні гэтага пытання. Іншая справа, што немагчыма прадказаць рэакцыю ўладаў, бо нярэдка іх дзеянні бываюць абсалютна алагічнымі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя