Святлана Завадская: Пры гэтай уладзе пра лёс Змітра мы не даведаемся



17 гадоў назад, 7 ліпеня 2000 года, знік беларускі журналіст, тэлеаператар Зміцер Завадскі. «Час ідзе, але гэтая рана не загойваецца», — кажа яго былая жонка Святлана Завадская:

«Бываюць выпадкі, калі час не лечыць. Вось і ў гэтым выпадку — з гадамі становіцца ўсё горш. Таму што раней была надзея. А зараз яна стала такой маленькай, што яе ўжо амаль няма».

У размове з журналістам Радыё Рацыя Генадзем Барбарычам Святлана Завадская нагадала, што Зміцер раніцай 7 ліпеня 2000 года з’ехаў сустракаць Паўла Шарамета ў аэрапорт.

«І з таго часу мы нічога аб ім не ведаем. Не ведаем, што здарылася з ім, які ягоны лёс. Машыну Змітра знайшлі ў аэрапорце. Потым было следства і суд. Асуджаныя два чалавекі: Валер Ігнатовіч і Максім Малік. Ім далі пажыццёвы тэрмін. Але гэта не за выкраданне Змітра. За Змітра

ім далі 10 гадоў. Іх прызналі вінаватымі яшчэ у некалькіх цяжкіх злачынствах і таму агульна далі пажыццёвае зняволенне,» — узгадала Святлана Завадская.

РР:А Вы верыце ў іх віну? Суд пераканаў Вас?

Святлана Завадская: «Не, не пераканаў. Таму што было відавочна, што суд не хоча ці не можа адказаць на шмат пытанняў. Напрыклад, суд не смог адказаць, высветліць, у які час быў выкрадзены Зміцер. Не высветлены матыў, за што Ігнатовіч і Малік маглі б так адпомсціць Змітру. Усё прыцягнута за вушы. Таму, канешне, я не магла ў гэта паверыць і я да гэтага часу не веру, што гэта злачынства здзейснілі Ігнатовіч і Малік. Сам час паказаў: за 17 гадоў мы так і не даведаліся, дзе Зміцер, не знайшлі ягонага цела. Думаю, што калі б гэтае злачынства зрабілі Ігнатовіч з Малікам, то пра гэта мы б даведаліся за гэтыя гады».

РР:Трэба ўдакладніць, што Ігнатовіч і Малік не проста нейкія крымінальнікі-злачынцы, а супрацоўнікі спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз».

Святлана Завадская: «Так, Ігнатовіч былы супрацоўнік. А вось Малік тады быў дзеючы супрацоўнік».

РР: У 2003 годзе рашэннем суда Зміцер Завадскі быў прызнаны памерлым. І двух гадоў не прайшло з працэсу па справе так званай групоўкі Ігнатовіча, на якім пераканаўчых доказаў таго, што Зміцер быў забіты, не прагучала. Ці не падаецца Вам гэта дзіўным?

Святлана Завадская: На мой погляд. мабыць, менскаму гарадскому суду хапіла аргументаў, каб прыняць такое рашэнне. Суддзя прасіў прынесці дакументы з працэсу па справе групы Ігнатовіча, той прысуд. І відаць, гэтага хапіла, каб прыняць рашэнне аб прызнанні Змітра памерлым.

РР: Але справа ж не закрытая, следства працягваецца?

Святлана Завадская: Справа прыпынена. Яна прыпынена ўжо 11 гадоў: з 2006 года. І вось да гэтага часу не ўзнаўлялася. Я спрабавала нешта рабіць, каб яна ўзнавілася. Усе гэтыя гады вяду перапіску са следчым камітэтам, з пракуратурай. Але атрымліваю толькі адпіскі, дзе мне пішуць, што яны мне паведамяць, калі нешта будзе вядома. У мінулым годзе я звярталася, каб мне далі нейкія звесткі пра тое, што за гэтыя гады зроблена следствам, але мне адказалі, што па заканадаўстве мне гэтага ведаць не належыць.

РР:Трэба нагадаць, што ў прысудзе па справе групоўкі Ігнатовіча адзначалася, што акрамя Ігнатовіча і Маліка, у выкраданні Завадскага ўдзельнічалі і іншыя, не вызначаныя следствам асобы.

Святлана Завадская: Вось па гэтым асобам і было працягнута следства. І да гэтага часу яны быццам не ведаюць, якія гэта асобы. Канешне, гэта ўсё цікава, таму што Ігнатовіч і Малік знаходзяцца за кратамі ўжо 17 гадоў. І ведаючы, як нашы праваахоўныя органы працуюць з такімі асобамі, вельмі цікава, як гэта яны не выбілі з іх паказанняў, куды яны падзелі Змітра, каму яго перадалі, ці самі нешта зрабілі з ім. Вельмі цікава, канешне.

РР: А ў Вас якія меркаванні наконт гэтых нявызначаных асоб?

Святлана Завадская: Я думаю, што ўсе, хто цікавіцца гэтай справай, ведаюць, хто гэта. Канешне, гэта высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі, тагачасныя чыноўнікі, якія давалі загад на выкраданне Змітра. Вось таму да гэтага часу мы нічога не ведаем. Я проста гляджу на іншыя справы. Напрыклад, забойства журналістаў Паліткоўскай у Расеі, Гангадзэ ва Украіне. Бачна, што ёсць нешта асаблівае ў гэтых справах. Калі да іх датычны нейкія высокапастаўленыя чыноўнікі, то гэтыя справы вельмі марудна ідуць. Ва Украіне толькі пры змене ўлады адбыўся штуршок, каб справа Гангадзэ была даведзена да нейкага выніку. А ў нас улады ўсё тыя ж, што ў 2000 гаду і таму я думаю, што пры гэтай ўладзе мы нічога не даведаемся.

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя