У Менску адбыўся „Форум палітвязняў”
У форуме ўдзельнічалі дзясяткі людзей з тых соцень, якія па палітычных матывах трапілі ў няволю за апошнія 20 гадоў.
Старшыня Аб’яднанай грамалзянскай партыі Анатоль Лябедзька канстатаваў, што краіны Еўразвязу зніжаюць увагу да праблемы беларускіх палітзняволеных. Пра гэта ён заявіў на „Форуме палітзняволеных”, які прайшоў у Менску 16 кастрычніка.
Па словах палітыка, да такіх высноваў яго падштурхнула дыскусія па Беларусі, якую арганізавалі ў Вільні Паўночная Рада і Балтыйская Асамблея.
“На дыскусіі выступалі палітыкі, амбасадары з краін, тэрытарыяльна блізкіх да Беларусі, добра дасведчаныя ў беларускіх праблемах”, – падкрэсліў Лябедзька
– Чатыры выступоўцы, чатыры даклады – і ніводнага слова пра палітычных вязняў Гэтую тэму зараз замяняюць адменай смяротнага пакарання – пра яе гавораць з імпэтам. Здаецца, шукаюць заданне для Аляксандра Рыгоравіча, якое ён можа выканаць. Палітычных вязня ён не можа саступіць. Давайце зробім яму тое, што яму па сілах. А я сказаў: ведаеце, калі нават будзе мараторый на смяротнае пакаранне, каго трэба, заб’юць у турме.
“Пры такіх праваахоўнай, судовай, пенітэнцыярнай сістэмах любы грамадзянін у Беларусі абсалютна безабаронны”, – сказаў Анатоль Лябедьзка.
А сітуацыя з палітвязнямі з’яўляецца галоўным барометрам агульнага становішча з правамі чалавека ў Беларусі. І пакуль не адбылося вызваленне палітвязняў і іх палітычная рэабілітацыя, то не можа быць поўнамаштабных кантактаў з існуючым беларускім рэжымам, – лічыць Анатоль Лябедьзка.
Па словах аднаго з арганізатараў форуму, кіраўніка маладзёвага аб’яднаная „Альтэрнатыва” і былога палітвязня Алега Корбана, мерапрыемства падобнага маштабу, прысвечанае ахвярам палітычных рэпрэсіяў, упершыню праводзіцца ў Менску
– Мэта гэтага форуму – салідарнасць, маральная падтрымка тым, хто застаецца за кратамі, у тым ліку, іх родным. Вельмі важна, каб такая падтрымка была. Гэта спроба данесці Захаду і дыпламатам, што ўсё ж, калі адбываюцца камунікацыі паміж беларускімі ўладамі і заходнімі ўладнымі структурамі, то пытанне палітвязняў не мусіць саступаць парадку дня. Пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітычныя вязні, ніякіх камунікацый, ніякіх паўнавартасных супрацоўніцтваў з беларускай уладай быць не можа.
Удзельнікі форуму палітвязняў прынялі зварот да беларускага грамадства і да міжнароднай супольнасці з заклікам судзейнічаць вызваленню і рэабілітацыі ўсіх беларускіх палітзняволеных.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя