„Бацюшка са свастыкай” асуджаны на тры гады



Святар праваслаўнай царквы Канстанцін Бурыкін, які абвінавачваецца ў незаконным набыцці і захоўванні зброі і патронаў, асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд быў абвешчаны 10 ліпеня ў судзе Заводскага раёна Менска.

Суд над святаром пачаўся 29 чэрвеня. Працэс вёў суддзя Алег Каляда.

У ходзе суда Бурыкін растлумачыў, што захоўваў дома зброю як сувенір, ніколі не выкарыстоўваў па прызначэнні. Пісталеты, паводле яго слоў, яму падарылі „хлопцы з РНЕ” (Русское национальное единство — праварадыкальная нацыяналісцкая арганізацыя, прызнаная ў Расеі экстрэмісцкай), з якімі ён працаваў у пачатку 2000-х як святар са згоды мітрапаліта Філарэта, тагачаснага кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ).

Свой крымінальны пераслед святар звязваў з „зайздроснікамі”, якія сталі яго „дыскрэдытаваць” пасля дасягнутых ім поспехаў у працы ў Беларускай федэрацыі паўэрліфтынгу.

Прызначыць Бурыкіну пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі прасіў дзяржабвінаваўца, і суд яго падтрымаў. Канфіскацыя маёмасці святару не прызначаная.

Абвінавачваны правёў пад вартай восем месяцаў — гэты тэрмін будзе ўлічаны пры адбыванні пакарання ў калоніі.

Святар не пазбаўлены сану. Раней у БПЦ заяўлялі, што рашэнне па гэтым пытанні будзе прынята пасля абвяшчэння прысуду.

Пасля абвяшчэння прысуду Бурыкін заявіў, што пакуль не вырашыў, ці будзе яго абскарджваць.

belapan.com