Пад Полацкам запусцілі адну з найвялікшых у Беларусі ГЭС
30 чэрвеня падпісаны акт прыёмкі ў эксплуатацыю Полацкай гідраэлектрастанцыі.
Пры прыёмцы аб’екта ў эксплуатацыю былі выяўлены нязначныя заўвагі і вызначаны тэрміны іх ліквідацыі – да 20 ліпеня. Аднак на працу станцыі яны не ўплываюць, паведамляюць „Віцебскія весткі”.
Для нас адбылася сапраўды вельмі знамянальная падзея. Мы завяршылі ўсе мантажныя, пусканаладачныя работы, і 30 чэрвеня падпісалі акт прыёмкі Полацкай ГЭС. Напэўна, гэта быў самы складаны інвестыцыйны праект у сістэме РУП „Віцебскэнерга”, бо мы сутыкнуліся з шэрагам як унутраных, так і знешніх фактараў, якія істотна паўплывалі на рэалізацыю праекта і тэрміны, – адзначыў генеральны дырэктар РУП „Віцебскэнерга” Міхаіл Лузін. – Прыйшлося прымаць часам нестандартныя рашэнні, каб праект рухаўся і быў рэалізаваны”.
Устаноўленая электрычная магутнасць Полацкай ГЭС – 21,66 МВт. Такой яна можа быць ва ўмовах вялікай вады. Зараз жа працуюць 3 генератары, агульная магутнасць якіх складае 12 МВт з улікам той колькасці вады, якую дае Дзвіна.
Варта адзначыць, што станцыя выдае ток у энергасістэмы ўжо з красавіка, калі ГЭС пачала функцыянаваць у тэставым рэжыме. За гэты час выпрацавана 25 млн кВт гадзін.