Для Астравецкай АЭС пабудуюць радыяцыйныя могілкі



Айчынныя спецыялісты распрацоўваюць праект па стварэнні сховішча для радыеактыўных адкідаў ад Астравецкай АЭС.

Як паведамілі ў Міністэрстве энергетыкі, ужо вядзецца праца над праектам пункта пахавання радыеактыўных адкідаў (акрамя высокаактыўных), якія з’яўляюцца ў ходзе выкарыстання і вываду з эксплуатацыі БелАЭС.

Адзначаецца, што выпрацаваны рэкамендацыі па праектаванні агульнай сістэмы ахоўных бар’ераў сховішча радыеактыўных адкідаў для іх бяспечнага захоўвання (пахавання). На думку беларускіх энергетыкаў, гэты пункт дасць магчымасць ізаляваць радыеактыўныя адкіды і не дапусціць іх негатыўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

Акрамя гэтага, для дасягнення бяспекі такога месца створаны матэматычныя мадэлі і вылічальныя праграмы, каб разлічыць працэсы міграцыі радыёнуклідаў з сістэмы пахавання ў геасферу праз унутраныя, вонкавыя інжынерныя і прыродныя бар’еры прыпаверхневага сховішча радыеактыўных адкідаў.

Нагадаем, першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога – на 2020-ы.

Паводле naviny.by

Фота БелаПАН