Прэзідэнт Малдовы наведае Беларусь
12—14 ліпеня Беларусь наведае прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон.
Як паведамілі БелаПАН у пасольстве Рэспублікі Малдова ў Менску, праграмай візіту прадугледжаная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам і малдаўскай дыяспарай. Ігар Дадон наведае некалькі прадпрыемстваў, у тым ліку Менскі трактарны завод, „Белкамунмаш”, і музей Вялікай Айчыннай вайны.
Дадон таксама плануе пабываць у Віцебску, дзе наведае СТАА Fortex, некалькі музеяў і фестываль „Славянскі базар”.
Гэта першы візіт Дадона ў Беларусь у якасці прэзідэнта Малдовы. На прэзідэнцкую пасаду ён быў абраны ў лістападзе 2016 года. Віншуючы Дадона з выбраннем, Лукашэнка выказаў упэўненасць „у далейшым умацаванні плённага супрацоўніцтва паміж краінамі ва ўсіх сферах, а таксама ў пашырэнні традыцыйна давернага беларуска-малдаўскага дыялогу на вышэйшым узроўні”.
6—7 чэрвеня гэтага года Беларусь наведаў прэм’ер-міністр Малдовы Павел Філіп.