Алена Купчына можа стаць Генеральным сакратаром АБСЕ?



У аўстрыйскім горадзе Маўэрбах праходзіць нефармальная сустрэча міністраў замежных спраў краін, якія ўваходзяць у Арганізацыю па бяспецы і супрацы ў Еўропе (АБСЕ). Яе асаблівасцю можа стаць вырашэнне кадравых пытанняў. Беларусь у нефармальнай гутарцы будзе прадстаўляць намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка. Сам Уладзімір Макей застаецца ў Беларусі, бо кіраўнік дзяржавы праводзіць сустрэчу з беларускімі дыпламатамі, якія працуюць за мяжой. Шанцы Алены Купчыной заняць пасаду генеральнага сакратара АБСЕ скептычна ацэньвае палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

– Сапраўды, Купчына – гэта дасведчаны дыпламат. Менавіта яна шмат працавала над тым, каб зрабіць вось гэты дыпламатычны прарыў у Еўропу. І тут не толькі досвед, але і яе жаноцкі шарм, уменне знайсці асабістыя кантакты. Але разам з тым у яе амаль што нулявыя шансы. І праблема тут не ў гендэрным пытанні. Імідж афіцыйнага Менска пакуль, мякка кажучы, пакідае жадаць лепшага.

Пасля разгону ў Беларусі масавых акцый пратэсту і затрыманні дэманстрантаў у лютымсакавіку шэраг дзяржаў, якія адначасова ўваходзяць у Еўразвяз, далі зразумець, што не гатовыя «заахвочваць Менск за дрэнныя паводзіны». Эксперты лічаць, што самыя высокія шанцы быць прызначаным на пасаду Генеральнага сакратара АБСЕ мае дыпламат са Швейцарыі Томас Грэмінгер. У сваю чаргу Міністэрства замежных спраў Расеі афіцыйна заявіла, што падтрымлівае кандыдатуру Алены Купчыной.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tut.by