У Беларусі ўчасткі рэк у арэнду здавацца не будуць
Указам Аляксандра Лукашэнкі № 247 ад 11 ліпеня прыняты меры для рацыянальнага выкарыстання рыбалоўных угоддзяў, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Дакумент устанаўлівае парадак перадачы ў арэнду рыбалоўных угоддзяў (азёры, натуральныя вадаёмы) і зямельных участкаў па ўзгадненні з прэзідэнтам. Акрамя таго, укараняецца комплексная схема размяшчэння паверхневых водных аб’ектаў (сажалкі і абводненыя кар’еры), прыдатных для вядзення рыбаводства, на падставе якой мясцовыя саветы дэпутатаў будуць перадаваць іх у арэнду.
„Указ дазволіць рацыянальна выкарыстоўваць рыбалоўныя ўгоддзі і зямельныя ўчасткі, неабходныя для вядзення рыбалоўнай гаспадаркі, а таксама павысіць эфектыўнасць выкарыстання сажалак і абводненых кар’ераў”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
Для рэалізацыі права насельніцтва рэспублікі на бясплатнае аматарскае рыбалоўства дакументам прадугледжваецца не перадаваць у арэнду ўчасткі вадацёкаў (рэкі, ручаі, каналы).
belapan.by