У Полацку завяршаецца сезон курсаў „Жывая мова”



Завяршаецца першы сезон полацкіх адукацыйных курсаў „Жывая мова”. 11 ліпеня адбыліся перадапошнія заняткі. На іх удзельнікі курсаў абмяркоўвалі, якой яны хацелі б пабачыць „Жывую мову” ў наступных сезоне. 

Кажа адзін з арганізатараў курсаў, старшыня полацкай суполкі Таварыства беларускай мовы Ігар Палынскі:

– Самая цікавая, самая сур’ёзная выснова да якой мы прыйшлі – гэта тое, што сапраўды вакол нас вельмі шмат людзей, якія гатовыя размаўляць па-беларуску. І для большасці з іх адзінай перашкодай з’яўляецца тое, што яны не ведаюць, як адрэагуюць людзі навокал. Мы прыйшлі да высновы, што самае важнае – гэта бар’ер, які трэба спрабаваць знішчыць, каб людзі не баяліся размаўляць па-беларуску заўсёды.

Першыя заняткі адукацыйных курсаў „Жывая мова” адбыліся сёлета ў лютым. Іх заснавальнікамі выступілі полацкая арганізацыя Таварыства беларускай мовы і наваполацкі Інфармацыйна-культурны цэнтр „ІніцыАрт”. Вядоўца курсаў – музыка Стась Сілка.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя