Хлопчык спалохаўся камп’ютарнай гульні і выпаў з вакна
У Дзятлаве следчыя органы праводзяць праверку па факце падзення шасцігадовага хлопчыка з акна кватэры, размешчанай на трэцім паверсе жылога дома.
Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Гарадзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч, 11 ліпеня каля 20.35 хлопчык разам з мамай знаходзіўся ў гасцях. На прапанову дарослых выйсці з імі на вуліцу адмовіўся. Застаўшыся ў кватэры адзін, гуляў у камп’ютарную гульню. Вяртаючыся з прагулкі, дарослыя знайшлі хлопчыка каля дома, дзе ён апынуўся, выпаўшы з акна кватэры.
Неадкладна выкліканыя медыкі даставілі дзіця ў бальніцу з падазрэннем на пераломы касцей і пашкоджанні ўнутраных органаў. Пасля далейшых абследаванняў, праведзеных у Гародні, асцярогі ўрачоў не пацвердзіліся. Дзіця працягвае знаходзіцца пад дынамічным назіраннем.
Агледзеўшы месца здарэння і камп’ютар, следчыя ўстанавілі, што, застаўшыся дома адно, дзіця гуляла ў агрэсіўную віртуальную гульню, якая выклікае пачуццё страху і прадугледжвае выкананне каманд галоўнага героя. Будучы напалоханым, хлопчык паспрабаваў выйсці з кватэры, але не здолеў адкрыць замок, заблакаваўшы яго. Пасля гэтага накіраваўся да акна і выпаў праз самастойна адкрытую фортку.
Правядзенне праверкі працягваецца.