Ці з’явіцца вуліца Міндоўга ў Менску і Наваградку?



Моладзь БНФ, якая абвясціла гэты год годам ВКЛ, збірае подпісы за наданне новым вуліцам у Менску і Наваградку імя караля Міндоўга. 6 ліпеня 1253 года адбылася каранацыя Міндоўга, які заклаў падмурак для адной з найвялікшых дзяржаў Еўропы – Вялікага Княства Літоўскага. На думку маладзёнаў, гэтая дата з’яўляецца адной з важных падзей у гісторыі Беларусі, таму пасля перадачы подпісаў будзе бачна сапраўднае стаўленне ўлады да беларускай гісторыі і нацыянальнай памяці беларусаў. Кажа старшыня арганізацыі Юры Лукашэвіч:

Мы яшчэ ў пачатку 2017 года аб’явілі, што гэта год ВКЛ і шмат нашых мерапрыемстваў будзе з гэтым звязана. Якраз 6 ліпеня была такая значная дата – дзень каранацыі Міндоўга, першага караля ВКЛ. І вырашылі, што было б добра, каб у Менску (сучаснай сталіцы Беларусі), Наваградку (першай сталіцы ВКЛ) была такая вуліца. На жаль, да сённяшняга моманту гэтага няма.

Як дадае Юры Лукашэвіч, прапануецца назваць імем Міндоўга менавіта новыя вуліцы, бо перайменаванне патрабуе дадатковых фінансавых выдаткаў і можа стаць прычынай фармальнай адмовы. Моладзь БНФ заклікае далучацца да збору подпісаў за гэтую ініцыятыву ўсе прабеларускія арганізацыі і проста неабыякавых людзей.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя