Вандроўнай стужкай ракі Вяльлі



Невядомая Беларусь адкрываецца ўдзельнікам турыстычных вандровак па Вяльлі дбаннямі гаспадара аграсядзібы “Вялес”, вядомага краязнаўца і барда з мястэчка Жодзішкі Алега Мізулы. На гэтай прыбярэжнай Вяльлі паласе яшчэ толькі ствараецца патрэбная інфраструктура. Пераважна вачам беларускага і замежнага вандроўніка адкрываюцца ціхая краса ракі, фігуры рэдкіх рыбакоў уздоўж гэтага прытока Нёмана, чуюцца крыкі спалоханых вадаплаўных і драпежных птушак.

Па берагах Вяльлі можна ўбачыць  векавыя дубы, старажытныя, дахрысціянскія пахаванні, з вуснаў Алега Мізулы паслухаць тамтэйшыя легенды. Адну з легендаў пра тупальшчынскі ахвярны камень апавядае Алег Мізула. 

А гэта яшчэ адзін цікавы помнік прыроды – найбольшы на Гарадзеншчыне прыродны вадаспад „Млынок”, больш васьмі метраў вышыні.

Непадалёк з гары адкрываецца цудоўны від на раку.

Вяльля далей цячэ па сумежжы сённняшніх Смаргонскага і Астравецкага раёнаў. Гэтая рака і яе ўзбярэжжы маюць багата атракцый і сюрпрызаў для падарожніка. Наперадзе ўнікальная мясцовасць Дубок, але пра яе раскажам ужо ў наступным фотарэпартажы. 

Якуб Сушчынскі, рака Вяльля, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара і Ладзіка Майніча