Датацыі Еўразвяза падтрымаюць культурніцкія ініцыятывы



Этна-дызайн, свята вёскі і прыгатаванне экалагічнай ежы. Такія ды іншыя ініцыятывы пройдуць сёлета ў падляшскіх вёсках. Усё дзякуючы датацыі з еўрапейскай праграмы Краёвай сеткі вясковых тэрыторыяў.

Партнёрамі, якія арганізуюць мерапрыемствы, з’яўляюцца самаўрады, таварыствы, фонды ды саюзы, якія дзейнічаюць у карысць развіцця вясковых тэрыторыяў. У гміне Саколка за грошы з Еўразвяза падрыхтуюць фальклорны фэст для жыхараў навакольных вёсак, кажа бургамістр горада Эва Кулікоўская.

– Пройдзе мерапрыемства “Чужое хваліце, свайго не ведаеце”. Падчас гэтага свята будуць арганізаваныя разнастайныя фальклорныя выступленні, будзем праводзіць майстар-класы па цыганскіх танцах. Пастараемся, каб усе людзі таксама мелі магчымасць нечаму навучыцца.

Дамовы на праекты падпісалі сёння 16 партнёраў на квоту 232 тысячы злотых. Яшчэ ў гэтым годзе пройдзе чарговы набор на конкурс Краёвай сеткі вясковых тэрыторый. Для арганізацый і самаўрадаў, якія хочуць прамаваць культурнае багаццё Падляшскага ваяводства, гэтым разам выдзелена  300 тысяч злотых. Конкурс пачнецца ў другой палове года.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток