У Берасці адкрыўся інфармацыйны цэнтр для актывізацыі працы з інвалідамі
Таксама каля ста дваццаці чалавек з абмежаванымі магчымасцямі з Польшчы і Беларусі наведалі адзін аднаго і абмяняліся вопытам. Такія першыя вынікі праекту „Пераадольваючы бар’еры – партнёрства для актывізацыі інвалідаў Люблін-Замасць-Уладава-Берасце” амаль за гадавы тэрмін працы. Каардынатар праекту з беларускага боку, старшыня грамадскага аб’яднання „Інвалід і асяроддзе” Іван Шмыга адзначыў, што галоўная частка праекту ўжо выканана:
– Створаны офіс, закуплена абсталяванне. Гэта інфармацыйная майстэрня, інфармацыйны цэх, які насычаецца інфармацыяй – пра працаўладкаванне, прапановы для інвалідаў, пра турыстычныя маршруты, якія разлічаны для інвалідаў. Вось такая база напрацоўваецца. Ужо ўся матэрыяльная частка гатова, зараз ідзе працэс назапашвання інфармацыі.
Праект завершыцца ў лютым наступнага года. Наперадзе – правядзенне некалькіх відэасеансаў з польскімі калегамі, а таксама паездкі і абмен вопытам.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце