Будучыня Асмалоўкі аб’яднала менчукоў



Менчукі сабралі неабходную колькасць подпісаў у абарону Асмалоўкі. Сабраныя подпісы грамадскія актывісты афіцыйна перадалі прадстаўнікам адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менска з патрабаваннем перагледзець план зносу гістарычнага кварталу.

Пытанне будучыні Асмалоўкі аб’яднала як яго жыхароў, так і неабыякавых жыхароў Менска, кажа мясцовы жыхар і адзін з актывістаў абароны Асмалоўкі Андрэй Эзэрын:

– Па-першае, людзі катэгарычна супраць зносу. Па-другое, людзі бароняць свае правы і змагаюцца і за Асмалоўку, і за Менск. Галоўнае, што трэба ўлічваць, гэта тое, што не толькі жыхары Асмалоўкі супраць зносу. Шмат неабыякавых менчукоў паставілі свае подпісы пад петыцыяй. І гэта таксама вельмі істотны момант. Таму інфармацыйны выбух атрымаўся вельмі моцны.

Як падкрэсліў грамадскі актывіст, прэцэдэнт Асмалоўкі не адзіны ў Менску. Пад перспектыву зносу трапілі некалькі падобных раёнаў пасляваеннай забудовы. І ініцыятыва Асмалоўкі паказвае прыклад грамадскай актыўнасці для іншых, як трэба адстойваць свае правы.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.