Грамадзянская супольнасць далучыцца да працы ў Еўранэст



Першае паседжанне новай Рабочай групы па справах Беларусі ў Парламенцкай асамблеі Еўранэст пройдзе ў студзені 2015 году. Пра гэта паведаміла новапрызначаная старшыня групы еўрадэпутат Агнешка Казлоўская-Раевіч.

У сваім уступным слове пасля прызначэння  Агнешка Казлоўская-Раевіч адзначыла, што палітыка цвёрдай ізаляцыі ў дачыненні да Беларусі вычарпаная, таму трэба шукаць новыя формы дыялогу.

– Гэтая першая сустрэча ў студзені будзе вельмі важнай, бо яна будзе тычыцца фармавання новых падыходаў і ідэяў. Таму гэта будзе вельмі істотнае спатканне.

Новая старшыня Рабочай групы па справах Беларусі  Агнешка Казлоўская-Раевіч  хоча запрасіць да супрацоўніцтва больш прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, тых, якія не ўдзельнічаюць непасрэдна ў палітыцы.

Як паведаміла старшыня групы еўрадэпутат Агнешка Козлоўская-Раевіч, фармат працы з прадстаўнікамі апазіцыйных партыяў не прынёс чаканых вынікаў.

– Мы гаворым пра пашырэнне групы, сярод якой будзе весціся дыялог, гэта будзе іншы асяродак – не толькі палітычны. Раней вялі дыялогі ў палітычных колах, але грамадзянская супольнасць больш, чым палітыкі, прадстаўляюць сваю краіну.

Сустаршыня хрысціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі, які ўдзельнічаў у паседжаннях Рабочай групы ў Еўранэсце таксама бачыць неабходнасьць зменаў:

– Гэта група будзе пашыраная на прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, магчыма, на прадстаўнікоў журналісцкай супольнасці. Палітычныя праблемы цягнуць за сабой наступствы ва ўсіх іншых галінах. Я спадзяюся, што новыя ўдзельнікі дапамогуць рэалізаваць стратэгію дзеяння Еўранеста ў адчыненні да Беларусі, якую мы прапануем. А сутнасць гэтай стратэгіі – гэта лабіяванне рэформаў у Рэспубліцы Беларусь.

Рабочая група закліканая падрыхтаваць Беларусь да паўнавартаснага ўдзелу ў працах Еўранесту.

Парламенцкая Асамблея Еўранест працуе з траўня 2011году. У склад Еўранесту ўваходзяць 60 еўрадэпутатаў і па 10 дэпутатаў з краінаў Усходняга партнёрства, апрача Беларусі, бо парламенцкія выбары не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя