Зора і Вітаўт Кіпелі



У Менску пачала працу выстава, прысвечаная 90-ым угодкам беларускіх дзеячаў-эмігрантаў Зоры і Вітаўта Кіпеляў, якія многія гады падтрымлівалі і развівалі беларускую дыяспару ў ЗША. Увазе гледачоў прадстаўлены гісторыя жыцця гэтых знаных асобаў і іх сям’і – шматлікая творчая спадчына, кнігі, архіўныя фотаздымкі.

Кажа дырэктар галерэі „Універсітэт Культуры” Павел Сапоцька:

– Гэта спроба, з аднаго боку, аднаўлення памяці, а з другога боку, гэта такі праект па папулярызацыі яго спадчыны і спадчыны Зоры Кіпель. Гэта сапраўды таленавітыя людзі, якія пакуль што ў нашай краіне недастаткова вывучаныя менавіта ў сэнсе таго ўнёску, які яны зрабілі ў папулярызацыю і трансляцыю беларускай культуры замежжа.

На урачыстым адкрыцці прысутнічала і дачка Зоры і Вітаўта – Алеся Кіпель. Яна адзначыла, што яе бацька і сёння працягвае дзейнасць на карысць папулярызацыі беларушчыны.

Самае важнае, што бацькі зрабілі і мне ад іх перадалося, – самае важнае (кніжкі, дакументы) запісваць. Бо калі не запісана тое, што робіцца, яно знікае. Робіцца гэта для ідэнтычнасці народа, каб ведалі, што продкі рабілі, як і дзе рабілася.

Адкрыццё выставы „Зора і Вітаўт” прайшло напярэдадні VII З’езда беларусаў свету Бацькаўшчына, які праходзіць 15-16 ліпеня ў Менску.

[Not a valid template]

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтаркі