Аляксандр Класкоўскі: Лукашэнка не хоча ісці на дно разам з Расеяй



У эфіры Беларускага Радыё Рацыя выказванні Лукашэнкі на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў каментуе палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.

Антыімперская рыторыка прагучала ў выказваннях Аляксандра Лукашэнкі на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў. Ён, як быццам жартам нагадаў Расеі, што Смаленшчына і Пскоўшчына калісьці «належалі Беларусі» ды асудзіў парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны насуперак Будапешскаму мемарандуму. Гэта ўжо 12-ая такога кшталту канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі перад расейкімі журналістамі – нагадвае Аляксандр Класкоўскі.

Аляксандр Класкоўскі: Гэта ўлюбёнае шоў Аляксандра Лукашэнкі, алё сёння рэкорд – ён перайшоў усе межы.

РР: Ці прагучала ў вуснаў Аляксандра Лукашэнкі нешта прынцыпова новае?

 Аляксандр Класкоўскі: Гэта ўжо 12-ая такога кшталту канферэнцыя. Мы ведаем яго звычайны рэпертуар. У прыватнасці, кожны раз гучала фраза, што “рускія і беларусы – гэта адзін народ”. І мяне, і шмат каго з беларусаў гэта торгала. Сёння я ўважліва сачыў, але не пачуў такой фразы. Наадварот, выступ Лукашэнкі атрымаўся антыімперскім і антыпуцінскім. Для некаторых расейскіх журналістаў, кажучы моладзевым слэнгам, атрымаўся “аблом”. Яны думалі гэтага “хітраватага Бацьку” прыціснуць: маўляў мы ж хаўруснікі, чаму не выступілі адзіным фронтам супраць Кіеву? А Лукашэнка “расшчоўкаў” іх, як дзяцей сваёй аргументацыяй. Прычым, аргументацыяй у духу беларускіх нацыяналістаў. Ён нагадаў, што гістарычна і Смаленшчына, і Пскоўшчына і Браншчына – беларускія землі. І такім напалову жартам, ён даў зразумець, што ў Крымскім пытанні стаіць за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. І ўвогуле ягоная пазіцыя выглядае дастаткова прагматычнай. Ён разумее, што калі ён пойдзе цалкам у фарватары Масквы, то гэта, па-першае, стварае небяспеку для самой Беларусі. А, па-другое, Масква ўжо сёння апынулася пад заходнімі санкцыямі і заўтра можа пачаць валіцца. А разам з Расеяй ісці на дно Лукашэнка не хоча. Хаця Лукашэнка працягвае лавіраваць. Таму Лукашэнка здолеў і сказаць непрыемныя для расейцаў рэчы, але збалансаваць выказваннямі, што і ўкраінская ўлада “наламала дроваў”.

РР: Здаецца да такой пазіцыі Аляксандр Лукашэнка даўно рыхтаваўся.

 Аляксандр Класкоўскі: Так, за гады “братняй інтэграцыі” ён адчуў, што хаця Расея вялікая, а Беларусі малая, і розныя вагавыя катэгорыі, але Раеея таксама залежыць ад Беларусі і ў плане транзітным, і ў плане вайсковым, і ментальна – гэта апошні хаўруснік. Лукашэнка гэта тонка адчувае. І не толькі на рытарычным узроўні, ён ужо выбіў гэтыя нафтавыя мыты на наступны год. Вельмі спрытна выбраў для гэтага момант перад візітам Пуціна ў Менск. Ён дзейнічае па-майстэрску і выціскае для сябе максімум выгадаў і максімум піяру. Ва ўкраінскім пытанні палітыкі, у тым ліку, і заходнія столькі “дроваў наламалі”, што сёння “апошні дыктатар Еўропы” (як ён сам бравіраваў гэтым тытулам) выглядае міратворцам. Да яго і Эштан прыязджае, і Пуцін з Парашэнкам, якія адзін на аднаго глядзець не могуць. Усім патрэбны Лукашэнка. Ва ўсіх сэнсах ён у выйгрышы. І, напэўна, ён ведае звесткі незалежнай сацыялогіі, што на фоне падзеяў ва Украіне падвысіўся яго ўнутраны рэйтынг. Ён спакойна казаў, што выйграе наступныя выбары. І ён усяляк падкрэсліваў і нават знайшоў момант, каб апраўдаць разгон Вярхоўнага Савету ў 1996 годзе. Прыблізна так гэта прагучала, што калі бы ва Украіне была такая моцная ўлада, як у Беларусі, то не было бы Майдану, не было бы крывавых падзеяў. Шалёныя карты, шалёныя “козыры”, як на міжнароднай арэне, так і ў плане ўнутрыпалітычным.

РР: Гэтыя антырасейскія выказванні Лукашэнкі, яны і будуць асноўнай “фішкай” гэтай прэс-канферэнцыі? А можа нават і далейшай палітыкі Беларусі?

 Аляксандр Класкоўскі: “Ахілесава пята” Лукашэнкі – гэта шалёная эканамічная залежнасць ад Расеі. І пры ўсё сваёй бравадзе Лукашэнка дамагаецца такой сітуацыі, калі “хвост круціць сабакам”. Але разам з тым зразумела, што хвост ёсць хвост, а сабака ёсць сабака. І пасля гэтай канферэнцыі з антырасейскай рыторыкай давядзецца дамаўляцца з тым жа Пуціным, прасіць і выбіваць датацыі. Таму, на жаль, абмежаваныя магчымасці беларускай улады ў сэнсе самастойнай палітыкі. Найперш праз тое, што зробленая моцная прывязка да расейскіх энергарэсурсаў. А ў падмурку ўсяго гэтага ляжыць страх перад рэформамі. Страх страціць уладу – гэта галоўная загана. Таму аддаючы належнае рыторыцы і манеўраванню, трэба разумець, што хібы сістэмнай беларускай палітыкі – эканамічная завязка на Маскву і страх перад рэформамі.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя