Фінляндыя забараніла “зялёных чалавечкаў”
Дзякуючы зменам у заканадаўстве, якія ўжо ўведзены, фінскія ўлады атрымаюць пашыраныя паўнамоцтвы ў тых выпадках, калі бяспецы краіны пагражае група ваенных без апазнавальных знакаў.
Паводле паправак у закон аб тэрытарыяльным назіранні, такім людзям забараняецца ўезд і знаходжанне ў краіне. Парушальнікаў закону чакае крымінальны пераслед.
Як паведамляе фінскі партал Yle, гаворка ідзе пра «зялёных чалавечкаў», і гэты тэрмін звязаны з зялёнай формай без апазнавальных знакаў, у якой расейскія вайскоўцы захапілі Крым у 2014 годзе. У выпадку з Фінляндыяй маюцца на ўвазе вайскоўцы, якія дзейнічаюць у інтарэсах замежнай дзяржавы, альбо ад яе імя, альбо з яе згоды.
Мінабароны Фінляндыі лічыць, што новы закон прыняты дзеля гарантыяў тэрытарыяльнай недатыкальнасці краіны ва ўмовах змянення сітуацыі ў свеце і дасць магчымасць рэагаваць на новыя пагрозы.
Фота: Mikhail Japaridze / AOP