Ці абмяркуюць Лукашэнка і Парашэнка тэму беларускіх дабравольцаў?
Афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў, запланаваны на 20-21 ліпеня, абмяркоўваецца і беларускай дыяспарай. Большасць беларусаў замежжа ўпэўненая, што на перамовах Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі праблемы нашых суайчыннікаў, якія ваююць на баку Украіны ў зоне Антытэрарыстычнай аперацыі, абмяркоўвацца не будуць. У гэтым перакананы і а. Святаслаў (Логін) – Уладыка Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы, які мае ўкраінскае грамадзянства, але пераважна жыве ў Злучаных Штатах.
– Думаю, гэтую тэму могуць закрануць, але наўрад ці будзе нейкае паляпшэнне ў гэтым пытанні, таму што Беларусь на сёння кантралюецца вельмі расейскім ФСБ і беларускія ўлады выконваюць палітыку Расеі. Таму што яна вельмі завязана эканамічна і палітычна з Расеяй, таму наўрад ці штосьці палепшыцца ў гэтым пытанні ў бліжэйшыя гады.
Апошні раз Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка сустракаліся сёлета 26 красавіка падчас мерапрыемстваў, прысвечаных 31-м угодкам Чарнобыльскай катастрофы. Падчас гэтай сустрэчы пра беларусаў, якія ваююць у Антытэрарыстычнай аперацыі, не згадвалася.
Беларускае Радыё Рацыя