Ці дапаможа архіў князя Агінскага аднавіць парк у Залессі?



Гісторык і краязнаўца Таццяна Кляшчонак знайшла ў электронным архіве Міхала Клеафаса Агінскага цікавы дакумент – пералік рэдкіх раслін аранжарэй і самой княскай сядзібы ў Залессі за 1820 і 1822 гады.

Каталог утрымлівае каля 14 тысяч экзэмпляраў раслін (назвы на польскай і побач – на лацінскай мовах). Асаблівае значэнне знаходка мае цяпер, калі пачалася рэканструкцыя парка і возера ў музеі-сядзібе М. К Агінскага на Смаргоншчыне. Гэта тое, што шукалі многія даследчыкі і рэстаўратары.

Працягвае знаўца гісторыі роду Агінскіх – спадарыня Таццяна Кляшчонак:

Пачынае гэтыя спісы вокладка дакумента, загаловак якой, па-мастацку зроблены на польскай мове гатычным шрыфтам – пералік лацінскіх назваў раслін у алфавітным парадку з паметкамі, якія ўказваюць, ці з’яўляюцца гэтыя расліны цеплалюбівымі, шматгадовымі або аднагадовымі, дрэўнымі ці не і ў якім месцы растуць.

Спіс раслін за 1821 г., відаць, з’яўляецца асноўным (утрымлівае больш за тысячу назваў), а спіс за 1822 г. афіцыйна называецца дадаткам (суплементам) да першага спісу. Ён утрымлівае толькі некалькі дзясяткаў назваў (відавочна, гэта нованабытыя расліны. Паводле неўдакладненых звестак колькасць рэдкіх раслін у сядзібе М.К. Агінскага набліжалася да 14 тысяч назваў. Вядомыя ж дасюль звесткі пра расліннасць сядзібы датычылі больш за ўсё аранжарэі і тых цеплалюбівых садавінных і ягадных раслін, якія там некалі даспявалі і падаваліся да стала: персікі, апельсіны, мандарыны, ананасы. У знойдзеных жа спісах ёсць і кветкавыя, і пакаёвыя, і лекавыя, і экзатычныя расліны.

Спадзяюся, што аналіз спецыялістаў-батанікаў дасць магчымасць уявіць, як выглядаў раслінны свет сядзібы Агінскага ў найвышэйшы момант яе росквіту (1822 г. быў годам выезду М.К. Агінскага на пастаяннае жыццё ў Італію) і дасць адказ на пытанне, што ж давала падставу Агінскаму пісаць: “Мая аранжарэя цудоўная і магла б скласці гонар імператарскай…”

Электронны архіў князя М. К. Агінскага, перададзены ў Беларусь з Масквы, утрымлівае мноства рукапісаў і дакументаў на польскай і французскай мовах – шыкоўная магчымасць для гісторыкаў адчуць і пачуць эпоху.

Дар’я Ліс, Беларускае Радыё Рацыя