Гжэгаж Схэтына: Усходняя палітыка патрабуе сур’ёзнага асэнсавання (абнаўляецца)
Польская дыпламатыя павінна рыхтавацца да саміту Усходняга Партнёрства ў Рызе. Мяркуе кіраўнік польскай дыпламатыі. Асноўная задача Польшчы і Еўропы ў адносінах да краінаў Усходняга Партнёрства – не толькі рэагаваць на падзеі, якія адбываюцца ва Усходняй Еўропе, але і граць актыўную ролю. Падрыхтоўка да саміту ў Рызе павінна быць адказнай, – мяркуе міністр замежных спраў Польшчы Гжэгаж Схэтына:
– Гэты саміт Усходняга Партнёрства стане завяршэннем пэўнага этапу. Мусім памятаць, што гэта будзе праз год. А праз год, як вучыць гісторыя апошніх 12 месяцаў, усё можа здарыцца. Мусім пра гэта памятаць, мусім пра гэта гаварыць, мусім адчуваць адказнасць. Польская ўсходняя палітыка павінна стаць больш значнай, яна не можа быць толькі нашай, яна не павінна быць мітынговай. Мусіць быць палітыкай еўрапейскай. Бо тады будзе больш рацыянальнай і праўдзівай.
Саміт Усходняга Партнёрства ў Рызе мае прайсці ў 2015 годзе. Чакаецца, што на гэтым саміце будзе распрацаваная новая праграма дзейнасці ў межах праграмы Еўразвязу Усходняе Партнёрства.
* * *
Саміт Усходняга партнёрства ў Рызе мае прайсці ў 2015 годзе. Чакаецца, што на гэтым саміце будзе распрацаваны новая праграма дзейнасці ў межах праграмы Эўразвязу Усходняе партнёрства.
Міланскі саміт не прынёс вынікаў, нягледзячы на высокі ўзровень удзельнікаў. Напярэдадні ў італійскім Мілане адбыўся саміт з удзелам кіраўнікоў вядучых Еўрапейскіх краінаў. У час саміту адбылася сустрэча Уладзіміра Пуціна з Пятром Парашэнкам, адзначыў міністр замежных спраў Польшчы Гжэгаж Схэтына. Для таго, каб дзейнічаць на ўсходзе Еўропы, трэба разумець тыя працэсы, якія там адбываюцца, адзначае кіраўнік польскай дыпламатыі:
– Не дастаткова сустракацца і мець добрую волю, каб развязваць праблемы. Трэба гэтыя ўсходнія справы, вельмі спецыфічныя, гэтую ўсходнюю палітыку добра разумець і адчуваць. Думаю, гэта наша роля, польская роля, – пошуку таго ключа і працы ў тым кірунку, каб гэты ключ пасаваў да ўсходніх дзвярэй.
Польская замежная палітыка ў дачыненні Усходняй Еўропы каардынальна не зменіцца, – працягвае Гжэгаж Схетына, які наведвае дэбаты на гэтую тэму ў Вроцлаве. Паводле яго, усходняя палітыка, якая праводзілася польскім МЗС пры папярэднім міністры, асабліва ў адносінах да Украіны, была паспяховай. Прыкладам гэтага палітык назваў супольны візіт кіраўнікоў дыпламатый Польшчы, Нямеччыны і Францыі ў Кіеў – у канцы лютага:
– Адмыслова кажу пра польскую прыхільнасць. Гэта пытанне прыхільнасці тых міністраў Францыі, Германіі. Абмяркоўвалася, як гэта ўсё разглядаць у перспектыве будучыні, на наступныя месцы і гады. У які спосаб далей праводзіць усходнюю палітыку.
Міністр замежных спраў Гжэгаж Схэтына да канца кастрычніка мае намер прадставіць свой план дзеянняў польскай дыпламатыі на бліжэйшы час. Палітык некалькі тыдняў таму замяніў на пасадзе міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя