Свежы нумар “Верасня” парадуе паэзіяй, прозай і крытыкай



Выйшаў з друку чарговы, 16-ы па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень”. Галоўны рэдактар часопіса Эдуард Акулін адзначыў, што ў часопісе вельмі шырока прадстаўлена паэзія творамі Вікторыі Смолкі, Аліны Паўлоўскай, Марыі Бадзей, Веранікі Міхалёвай, Марыны Валасар, Ганны Рудак, Марыі Магдалены Палхоўскай, Кацярыны Шчаснай, Дар’і Дарошка, Аляксея Лужынскага, Антаніны Хатэнкі.

Па словах Эдуарда Акуліна, не менш цікавым у свежым нумары “Верасня” будзе і раздзел прозы, які склалі апавяданні Аляксея Палачанскага, Таццяны Казановіч, Яўгена Мартыновіча, Аляксандра Труса, Паўла Ляхновіча, Вінцэся Мудрова.

Раздзел крытыкі адкрывае артыкул Таццяны Мацюхінай аб неарамантычных матывах у паэзіі Уладзіміра Жылкі. Друкуюцца настальгічныя эсэ Алеся Гібка-Гібкоўскага і Раісы Крывальцэвіч. Аб ролі кнігі ў жыцці чалавека — гутарка Тамары Аўсяннікавай з Эдуардам Мядзведскім. Аб жыццёвых „шляхах і кратах” Валянціна Таўлая — аднайменны артыкул Сяргея Чыгрына. На пытанне: „Што можна сыграць на гармоні?”– адказвае ў сваім артыкуле пра хальчанскага музыку Емяльяна Бабкова Генадзь Лапацін. Крытычную ацэнку кнігі Аляксея Арцёмава „Скрозь кіламетры” дае ў сваёй рэцэнзіі „Унук Багдановіча?..” Анатоль Трафімчык. Друкуе “Верасень” і пераклады, а таксама драматычны твор. А сам рэдактар “Верасня” Эдуард Акулін  сакрэтамі творчай кухні дзеліцца з Людмілай Шчэрба.

Беларускае Радыё Рацыя