МАЗы фінішавалі ў першай дзясятцы на чарговым этапе „Шаўковага шляху”
Удзельнікі пераадолелі спецучастак даўжынёй 421 км. Найбольшыя складанасці на трасе стваралі вялікія дзюны, на якіх было няпроста захаваць раўнавагу і не перавярнуцца. Пры гэтым рухаліся экіпажы на даволі высокай скорасці.
Лепшы сярод беларусаў вынік паказаў Сяргей Вязовіч, які прыехаў шостым. На спецучастку ён правёў 4 гадзіны 38 хвілін, прайграўшы пераможцу заезду Айрату Мардзееву з каманды „КАМАЗ-майстар” 18 хвілін. У турнірнай табліцы беларускі экіпаж займае сёмае месца і ўступае лідару гонкі расіяніну Дзмітрыю Сотнікаву 5 гадзін 10 хвілін.
„Спецучастак з дзюнамі не ўяўляў сур’ёзнай складанасці для нашых грузавікоў. Аднак на дарозе мы моцна стукнуліся і амаль не перавярнуліся праз капот. З-за гэтага нават нязначна пашкодзіў руку, але пералому, здаецца, няма”, – расказаў Сяргей Вязовіч.
Экіпаж пад кіраўніцтвам Аляксандра Васілеўскага фінішаваў восьмым. Яго час – 4 гадзіны 49 хвілін, а адставанне ад пераможцы склала 29 хвілін. У абсалютнай кваліфікацыі сярод грузавікоў беларус замыкае першую дзясятку, адстаючы на 8 гадзін 43 хвіліны.
На 23 секунды пазней Аляксандра Васілеўскага прыехаў МАЗ Аляксея Вішнеўскага, які ў выніку заняў дзявятае месца. На такой жа пазіцыі экіпаж ідзе і ў агульным заліку, адстаючы ад лідара на 8 гадзін 14 хвілін.
На дзясятым этапе гоншчыкам падрыхтавалі спецучастак даўжынёй 360 км. Траса абяцае быць скораснай, пры гэтым экіпажам давядзецца праехаць паміж рэчышчамі рэк, якія высахлі.
Ралі-рэйд „Шаўковы шлях – 2017” праходзіць па тэрыторыях Расеі, Казахстана і Кітая. Завершыцца гонка 22 ліпеня ў кітайскім горадзе Сіянь.