Алена Анісім: Беларусі патрэбны беларускамоўны музычны тэлеканал



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім распавядае, чаму для краіны небаходны фонд для рэалізацыі праграмы па развіцці і пашырэнні ўжывання беларускай мовы, а таксама пра ідэю стварэння беларускамоўнага музычнага канала на тэлебачанні.

Нагадаем, адным з праграмных дакументаў З’езда беларусаў свету, які днямі прайшоў у Менску, стала прынятая рэзалюцыя па мове. У дакуменце адзначаецца, што Савету міністраў Беларусі варта распрацаваць і зацвердзіць дзяржаўную праграму па развіцці і пашырэнні ўжыванняа беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця, асабліва ў адукацыі.

Дэлегаты з’езда палічылі, што для рэалізацыі праграмы мусіць быць створаны спецыяльны фонд, які б фінансаваўся і з дзяржаўнага бюджэта, і за кошт прыватных добраахвотных унёскаў.

РР: На Ваш погляд, ці магчыма рэалізаваць гэты праект са стварэннем фонда?

Алена Анісім: Мяркую, любая ідэя, за якой стаяць людзі, гатовыя працаваць, можа быць рэалізавана. Важна толькі, каб гэтыя людзі згуртаваліся вакол ідэі і пачалі рабіць канкрэтныя крокі. Таму ўсё магчыма толькі тады, калі будуць рэальныя выканаўцы і рэальныя дзеянні.

РР: Як улады могуць адрэагаваць на такую ініцыятыву?

Алена Анісім: Як паказвае практыка дзейнасці аргкамітэта па стварэнні Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта, улада будзе рэагаваць стрымана. Яна будзе назіраць за тым, што робіць грамадства. Калі грамадства нешта робіць, улада таксама можа ў пэўны момант далучыцца да ініцыятывы і нечым паспрыяць. Альбо паспрабуе хаця б не перашкаджаць. Калі ж словы так і застануцца словамі, то сама дзяржава таксама нічога рабіць не будзе. Гэта трэба вельмі ясна разумець.

РР: Увогуле, наколькі сёння такі фонд патрэбен для краіны?

Алена Анісім: Калі б ён быў створаны, гэта было б вельмі добра, бо фонд мог бы працаваць на тое, каб дапамагаць рабіць прадукцыю на беларускай мове, ажыццяўляць пераклады, рабіць конкурсы на стварэнне беларускамоўных прадуктаў…

Дарэчы, падчас з’езда (вечарам першага дня) быў канцэрт маладых беларускамоўных выканаўцаў – выступалі Кацярына Ваданосава, гурты “Мікіта”, “Рэлікт”… І паслухаўшы гэты канцэрт, я хачу сказаць, што ў нас ёсць усе магчымасці, каб ужо ў гэтым годзе ў Беларусі з’явіўся паўнавартасны музычны тэлеканал, на якім бы гучалі беларускамоўныя гурты. У свой час “Песняры” прэзентавалі беларускае мастацтва па ўсім свеце, то чаму б і сёння маладым людзям годна не прэзентаваць сваю нацыянальную музычную культуру? Гэта дало б штуршок папулярызацыі беларускай культуры і ўнутры краіны, і за яе межамі. І на гэта не патрэбна вялікіх выдаткаў.

РР: А што чуваць наконт стварэння Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта?

Алена Анісім: Мы падалі заяўку на тое, каб атрымаць юрыдычны адрас, і зараз чакаем рашэння. Як толькі будзе, адразу падамо дакументы на рэгістрацыю нашай установы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя