’’Вобразы беларуска-польскага памежжа’’ ў Берасці



’’Вобразы беларуска-польскага памежжа’’ цяпер можна паглядзець у выставачнай зале галерэі БелАРТ. Выстава пад такою назваю адкрылася ў Берасці і ўключыла ў сябе некалькі дзясяткаў твораў, напісаных алеем, пастэллю, акрылам, акварэллю. Усе працы – вынік пленэру на беларуска-польскай мяжы, удзел у якім прынялі прадстаўнікі аб’яднання мастакоў MOSTEK.

Адна з арганізатараў выставы і пленэру, старшыня мастацкага аб’яднання MOSTEK Аліна Кандрацюк адзначыла, што экспазіцыя паказала, што ў культуры не можа быць межаў:

– У нас была мэта памаляваць з аднаго боку Буга і з другога боку Буга. І паглядзець, што нас аб’ядноўвае. І мы пабачылі, што гэта два сяброўскія народы. І сваёй мэты мы дасягнулі. Розніцы няма ніякай. Акрамя гэтай мяжы. Народ і там нас разумеў, і тут. Такім чынам мэты дасягнулі, задавальнення атрымалі, як вынік – гэта выстава.

Пленэр праходзіў на памежнай тэрыторыі Беларусі і Польшчы з ліпеня па верасень гэтага года. Выставу ’’Вобразы беларуска-польскага памежжа’’ можна наведаць цягам двух тыдняў.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце