Справа 1938 г. “Чэхаславацкая справа НКВД”



Іншаземцаў, якія з розных прычын змянілі грамадзянства на савецкае, у трыццатыя гады рэпрэсавалі часта і густа. “Кітайская справа НКВД”, “нямецкая”, “баўгарская”… Пры гэтым чэкісты не рабілі розніцы паміж слухачамі школы Камінтэрна, былымі белагвардзейцамі ці якімі антыфашыстамі, якія знаходзілі прытулак у СССР. Арыштантам прад’яўлялі стандартныя абвінавачванні ў “шпегунстве”, “контрэвалюцыйнай тэрарыстычнай змове” ці “антысавецкай агітацыі” і адпраўлялі ці ў расстрэльны падвал, ці ў ГУЛАГ.

Але  зрэдку здаралася, што чэкісты вызвалялі з-пад варты нават тых былых іншаземцаў, якія былі не сфальшаванымі, а цалкам рэальнымі ворагамі Савецкай улады. Але прычынамі гэтага былі не любоў да сацыялістычнай законнасці і ўжо тым больш – не савецкі гуманізм…

У савецкіх падручніках па гісторыі ўдзельнікі “чэхаславацкага корпуса” характэрызаваліся выключна як “махровыя контрэвалюцыянеры”, “найміты  буржуазіі” і “ворагі Сусветнай рэвалюцыі”.

Што, зрэшты, нядзіўна. Чэхаславацкі корпус, сфармаваны яшчэ ў гады Першай сусветнай з палонных чэхаў і славакаў для барацьбы з Аўстра-Венгерскай імперыяй, пасля прыходу да ўлады бальшавікоў адразу ж выявіўся паслядоўным ворагам Савецкай улады. Байцы корпуса зацята змагаліся з Чырвонай арміяй ва Украіне. Арганізавалі паспяховае антысавецкае паўстанне ў Сібіры. Бязлітасна знішчалі карныя экспедыцыі чэкістаў. Ад небяспечных братоў-славянаў Савецкая ўлада пазбавілася толькі ў 1919 годзе, калі іх масава пачалі адпускаць дахаты.

Але ў Чэхію і Славаччыну павярнуліся не ўсе. Нехта не змог зрабіць гэтага з прычыны хваробы, нехта паспеў ажаніцца, нехта свядома перайшоў на службу да бальшавікоў…

У 1937 годзе ўсе былыя байцы чэхаславацкага корпуса былі абвешчаныя “шпегунамі” і арыштаваныя органамі НКВД.

Быў сярод іх і Стэфан Зіма…

СПРАВКА

 8 июля 1938 г.

 Зима Степан Андреевич, 1886 года рождения, уроженец села Подберегом Лиготка Сватохристкого р-на в Чехословакии, по национальности Чехословак, гражданство СССР, по социальному положению в данное время крестьянин-колхозник, работает кузнецом (…)

Зима С. А. прибыл в СССР в 1917 году как военнопленный Австровенгерской армии, вначале проживал в г. Киев, затем в Туровском р-не (…) до 1926 года, в 1927 г. работал кузнецом в селе Софиевка (…)

В 1928 году за совершение поджога имущества одного из жителей с. Софиевка был осужден к 5 годам лишения свободы, наказание отбывал в Нежинской колонии.

В 1933 году обращался с ходатайством в Чехословацкое консульство в Москве о выдаче иностранных документов, якобы получил отказ в силу того, что механически перешел в гражданство СССР.

В настоящее время Зима С. А. антисоветски настроен, поддерживает связи с антисоветским элементом.

В связи с тем, что Зима Степан Андреевич на протяжении определенного периода несколько раз менял место жительства, обращался в иностранное консульство за получением документов – есть основание полагать, что Зима Степан Андреевич занимается шпионажем в пользу Германии или иного иностранного государства.

На основании изложенного Зима С. А. подлежит аресту и привлечению к ответственности.

 Начальник Комаровского РО НКВД младший лейтенант государственной безопасности Косько

Біяграфія Сцяпана Зімы была даволі тыповай для фігурантаў “чэхаславацкай справы”. Палон, лагерь, тыф, шпіталь у Гомелі, часовая інваліднасць, жаніцьба, цяжкая кавальская праца на вёсцы…

На добры розум, чэкістам было дастаткова падпалу хаты камсамольца, які прымушаў Зіму ўступіць у калгас. І хаця за гэты падпал, які здарыўся ў 1928 годзе, Сцяпан Андрэевіч ужо адседзіў, артыкул был варты таго, каб пасадзіць па ім фігуранта на новы тэрмін. Але ж у НКВД вырашылі круціць Зіму па куды больш перспектыўнай справе – “шпегунстве”.

Як і мае быць, следчы напалягаў на злачынных дзеяннях, а арыштант цалкам адмаўляў віну:

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

 1938 г. июля 14 дня

 (…)

ВОПРОС: Вы обвиняетесь в шпионской контрреволюционной деятельности. Признаете ли вы себя виновным?

ОТВЕТ: Виновным себя в шпионской деятельности я не признаю, так как шпионажем никогда не занимался.

ВОПРОС: Вы говорите неправду. Следствие располагает данными о вашей принадлежности к шпионской организации и требует об этом рассказать.

ОТВЕТ: Я еще раз подтверждаю, что никакой шпионской деятельности не проводил (…)

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

 1938 г. июля 21 дня

 ВОПРОС: При обыске у вас изъята шпионская переписка с иностранным консульством на каком-то иностранном языке. Следствие требует рассказать о вашей переписке подробно.

ОТВЕТ: Я в 1933 году  обращался в консульство Чехословакии, чтобы меня восстановили в гражданстве. Но мне было отказано. У меня был только один документ из консульства, с этим отказом, на чешском языке (…)

У НКВД ляжала і колькі даносаў сумленных савецкіх грамадзянаў на Сцяпана Зіму, але ж па іншым артыкуле. Тут арыштант вырашыў не запярэчваць…

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

 1938 г. июля 14 дня

 (…)

ВОПРОС: Расскажите о вашей антисоветской деятельности.

ОТВЕТ: В 1937 году, когда была реализация займа, я высказывал недовольство по этому вопросу. В чем это недовольство заключалось, я сказать сейчас не могу, так как не помню (…)

 Следства цягнулася дзевяць месяцаў, і за гэты час выкрыла процьму страшных злачынстваў: “антысавецкая агітацыя”, “паклёп на калгасы”, “незадаволенасць дзяржаўным ладам СССР”, “спроба выехаць за мяжу”…

 ИЗ ОБВИНИТЕЛЬНОГО ЗАКЛЮЧЕНИЯ

По обвинению Зимы Степана Андреевича по ст. 54-10 ч. 1 УК УССР

 (…)

Будучи недоволен существующим государственным строем в СССР, Зима дважды обращался в Чехословацкое консульство в Москве на предмет получения иностранного паспорта и выезда за границу (…)

Допрошенный в качестве обвиняемого Зима Степан Андреевич виновным в проведении антисоветской агитации признал себя частично. Однако антисоветская деятельности Зимы подтверждается показаниями свидетелей (…)

Цікавая акалічнасць: за тыя дзевяць месяцаў, якія Сцяпан Андрэевіч правёў за кратамі, у райаддзеле НКВД змянілася двое начальнікаў: малодшы лейтэнант Дзяржбяспекі Касько, які санкцыянаваў арышт Зімы, неўзабаве сам быў арыштаваны, як “вораг народа” і “злосны парушальнік сацыялістычнай законнасці”. Новы начальнік райаддзела НКВД, сяржант Дзяржбяспекі Бондар, вырашыў, аднак, давесці справу да лагічнага завяршэнння. Але літаральна за колькі дзён і яго арыштавалі як “удзельніка фашысцкай змовы, арганізаванай былым наркамам НКВД УССР, ворагам народа Леплеўскім”.

Але справу ўжо паспелі перадаць у суд…

Суддзя і пракурор, якім дасталася спадчына “арыштаваных ворагаў з НКВД”, былі пастаўленыя ў дзіўнае становішча. З аднаго боку, следчая справа Сцяпана Андрэевіча была ў поўным ажуры: пратаколы допытаў, вызнанне арыштантам віны, шматлікія сведчанні сумленных савецкіх грамадзянаў”, прытым кожнае абвінавачанне цягнула на расстрэл… Цукерка, а не справа! З другога – гэтай “цукеркай” займаліся выкрытыя ворагі, і выносіць арыштанту смяротны прысуд было небяспечна…

Прысуд, безумоўна, агламошыў і сведкаў справы, і, найперш – самога Сцяпана Іванавіча…

ВИРОК

Ім’ям Української Радянської Соціалистічної Республіки

 (…)

1939 року квітня 23 дня колегія Черніговського областного суду

 (…)

ВИРІШИВ

Зіму Степана Андрейовіча по суду вважати виправданним (…) за недоведеністю складу злочину: з під варти його негайно звільнити.

(…)

Былому жаўнеру Чэхаславацкага корпуса Сцяпану Зіме неверагодна пашанцавала. Чаго нельга сказаць пра іншых чэхаў і славакаў, якімі савецкія чэкісты займаліся на працягу 1937-1939 гадоў: абсалютная іх большасць вызналі “замежнымі шпегамі” і адправілі каго ў лагеры, а каго і да расстрэльных сценак…

* * *

Наступным разам я раскажу пра тое, як дзейнічала рэпрэсіўная машына НКВД за часамі “Вялікага Тэрору”.

[Not a valid template]

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “П-144”