Анатоль Лябедзька: Галоўнае – вярнуць людзям права выбара
Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. Адзін з удзельнікаў сустрэчы, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў, што падчас размовы беларускія апазіцыйныя палітыкі выклалі сваё бачанне праблемаў у краіне і шляхі іх вырашэння.
– Галоўнае пытанне для беларусаў – гэта права выбару для людзей, і гэта права трэба ім вярнуць, крок за крокам. Таму – змены ў выбарчае заканадаўства і мясцовая выбарчая кампанія як індыкатар пераменаў – гэта вельмі важна. Мы за тое, каб быў дыялог, але гэты дыялог мусіць быць крытычным, абумоўленым і трохбаковым. Гэта азначае, што акрамя ўлады і міжнародных арганізацый мусіць быць і грамадзянская супольнасць і палітычная апазіцыя.
Акрамя таго размова ішла і пра іншыя неабходныя крокі – рэгістрацыя палітычных партый і грамадскіх арганізацый, спыненне рэпрэсій, вызваленне палітвязняў. Па словах Анатоля Лябедзькі, у яго склалася ўражанне, што меркаванні прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі былі сустрэты з разуменнем.
„Латвійскі бок ўсведамляе ўсе выклікі, якія ёсць. Ён за тое, каб быў баланс, каб дыялог з уладамі Беларусі ішоў па эканамічнай павестцы дня, але каб з яго не выкідваўся палітычны складнік – гэта правы і свабоды. Вось з такім пасланнем міністр прыехаў у Менск,” – лічыць Лябедзька.
Анатоль Лябедзька прыехаў на сустрэчу на ровары.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара