У Глыбокім распачаўся “Вішнёвы фэст”



Пяты па ліку “Вішнёвы фэст” распачаўся ў Глыбокім, што на Віцебшчыне. Цырымонія ўрачыстага адкрыцця прайшла на галоўнай сцэне горада. У ёй прынялі ўдзел творчыя музычныя калектывы і вакалісты Глыбокага, барабаншчыцы ўзорнага ансамбля “Віват”. Падчас мерапрыемства працавалі тэматычныя пляцоўкі грамадскіх аб’яднанняў Глыбоччыны.

Свае ўражанні ад першага дня фэсту і пажаданні надалей выказалі жыхары Глыбокага:

– Мне падабаецца на “Вішнёвым фэсце” тое, што тут усе спяваюць, таньчаць, весяляцца. Я заўсёды буду прыходзіць на гэты фэст.

– Дзецям падабаецца свята, ну і нам прыемна. Вішні квітнеюць, і горад наш квітнее. І фестываль з кожным годам усё больш расквітае. Прыемна, што ў нашым горадзе праводзіцца такое свята.

– Вельмі задаволена. Нашы дзеткі вельмі любяць такія святы. Праходзяць канцэрты, і выступаюць нашыя  глыбоцкія таленты.

– Вішнёвы то ён вішнёвы, але ж хочацца, каб жыццё лепшае было! Гэта самае галоўнае. І каб здароўе было.  Будзе здароў – будзе ўсё: і святы, і ўсё астатняе.

У гэтым годзе Міністэрства культуры надало фэсту статус міжнароднага. На свята ў Глыбокае прыедуць творчыя калектывы і дэлегацыі з Кітая, Ізраіля, Грузіі, Эстоні, Латвіі, Францыі, Польшчы і іншых краін Еўропы. “Вішнёвы фэст” будзе доўжыцца пяць дзён і скончыцца 22 ліпеня самай цікавай і насычанай праграмай.

[Not a valid template]

 

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтара